Пяскоў запатрабаваў прыбраць з жыцця расейцаў усё, што перашкаджае нараджаць дзяцей
21- 20.09.2024, 15:04
- 10,448
Але ў Крамлі пакуль не вызначыліся, што рабіць з "чайлдфры".
З жыцця расейцаў павінна "знікнуць" усё, што перашкаджае падвысіць нараджальнасць і пераадолець дэмаграфічны крызіс, у які апускаецца краіна, заявіў прэс-сакратар кіраўніка Крамля РФ Дзмітрый Пяскоў.
“Падвышэнне нараджальнасці - гэта адзін з галоўных прыярытэтаў у працы ўсёй улады і ўсёй краіны. Таму ўсё, што трэба рабіць для падвышэння нараджальнасці, павінна рабіцца, і ўсё, што перашкаджае гэтаму, вядома, павінна з нашага жыцця знікаць”, – сказаў Пяскоў.
У той жа час, паводле ягоных слоў, у Крамлі пакуль не вызначыліся ў пытанні аб забароне ў Расеі "руху чайлдфры", які прасоўвае ўсвядомленую адмову ад нараджэння дзяцей. Забараніць гэтую "ідэалогію", якая стала "выраджэннем фемінізму", раней прапанавала спікерка Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка.
У Мінюсце да гэтага таксама заяўлялі аб "актыўнай" працы над законапраектам, які забараняе чайлдфры. Намеснік кіраўніка ведамства Усевалад Вукалоў называў гэтую “ідэалогію” “экстрэмісцкай”, паколькі яна заклікае маладых дзяўчат не нараджаць. Паводле яго слоў, забарона падобных ідэй неабходная для абароны каштоўнасцей расейскага грамадства.
У лютым 2023 года ў Дзярждуму ўнеслі законапраект аб забароне прапаганды "ідэалогіі чайлдфры" сярод дзяцей. Аўтары ініцыятывы сцвярджалі, што прапаганда свядомай бяздзетнасці, якая праводзіцца актывістамі руху чайлдфры, "вядзе да дэградацыі грамадскіх інстытутаў, знішчэння традыцыйных каштоўнасных арыенціраў, фармуе абставіны для дэпапуляцыі насельніцтва". Аднак пакуль дакумент не прайшоў першае чытанне.
Нараджальнасць у Расеі працягвае зніжацца, нягледзячы на патрабаванні прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна заводзіць па восем дзяцей.