У Гародні ў верасні нечакана зацвілі каштаны
2- 20.09.2024, 15:37
- 1,504
Цёплая восень збіла біялагічны гадзіннік дрэваў.
З пагоднымі неспадзеўкамі апошніх гадоў можна заблытацца каму хшчаш. Мяркуючы з надвор’я, лета і не думае заканчвацца. А на двары ўжо сярэдзіна верасня. А ў маладых каштанаў у Альшанцы ўвогуле, відаць, наступіла вясна.
А інакш як растлумачыць паводзіны дрэваў? Яны днямі здзівілі жыхароў аднаго з двароў па вуліцы Напалеона Орды.
«Раніцай атрымалі вось такі сюрпрыз. Маладыя каштаны, высаджаныя вясной, зацвілі другі раз за год!», - дзеліцца эмоцыямі і фатаграфіямі прыроднай анамаліі чытачка Newgrodno.by.
Зрэшты, яна хвалюецца, ці не пашкодзіць гэта дрэвам. На гэтае пытанне складана адказаць. Але калі такое цёплае надвор'е пратрымаецца яшчэ некаторы час, магчыма, у гэтым двары збяруць і позні ўраджай каштанаў.
Такія паводзіны для гэтых дрэў у апошнія гады не дзіўныя. Летась у верасні ў Гародні таксама заўважалі квітнеючыя каштаны.