Лукашэнку перакрываюць паветра
4- 20.09.2024, 20:04
- 9,410
У Беларусі ўзмацняюцца праблемы з разлікамі праз турэцкія і кітайскія банкі.
Санкцыі, запрацаваўшы, перакрываюць цэлыя сектары беларускай эканомікі, прымушаючы шукаць усё больш складаныя схемы абыходу. І ўсё даражэйшыя. Так, амерыканскія другасныя санкцыі закрываюць беларускім і расейскім пастаўкам адну магчымасць за другой, піша сайт planbmedia.io.
Турцыя закручвае гайкі
У верасні расейскія СМІ паведамілі, што турэцкія банкі згортваюць абслугоўванне звязаных з Беларуссю і Расеяй угодаў. І перадаюць іх адной мясцовай фінустанове.
«Амаль усе турэцкія банкі хочуць поўнасцю выйсці з угодаў з удзелам Расеі і Беларусі. Усе гэтыя ўгоды яны хацелі б пакінуць банку Emlak Katılım, каб ім самім засцерагчы сябе ад магчымых праблемаў у будучыні ў выглядзе патэнцыйных абмежаванняў і санкцый. Праз гэтыя рызыкі, напрыклад, цяпер многія банкі Турцыі могуць адразу вяртаць прыходныя сродкі ў далярах і еўрах з угодаў, звязаных з кампаніямі РФ і Беларусі, і раяць звяртацца ў Emlak Katılım для ажыццяўлення плацяжоў у нацвалютах», – паведаміла ТАСС крыніца сферы турэцкага фінансавага кансалтынгу.
Цяпер, удакладняе крыніца, размова ідзе пра прыватныя і дзяржаўныя турэцкія банкі. Яшчэ раней разлікі перакрылі банкі з заходнім капіталам.
Для беларускіх і расейскіх пастаўшчыкоў пераход у банк Emlak Katılım абазначае рост кошту абслугоўвання. Стаўкі камісіі інкаса там істотна вышэйшыя за стандартныя: блізу 5-6%. «Але беручы да ўвагі працаёмкасць камплаенсу ў іншых банках, на памер камісіі кампаніі-кліенты часта ўжо не глядзяць», – дадала крыніца.
Кітайскі скепсіс
Не менш праблемаў на мікраўзроўні і ў стасунках з Кітаем, з якім, здавалася б, ёсць поўнае палітычнае паразуменне. У верасні Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі паведаміла, што Кітай адмовіўся пастаўляць Беларусі 15 грузавых электравозаў.
Пастаўкі ад «CRRC Датунская электравозабудаўнічая кампанія» сарваліся праз наяўнасць амерыканскіх дэталяў у складзе лакаматываў. Занадта высокія былі рызыкі для кітайцаў патрапіць пад санкцыі ЗША.
І гэта не адзінкавы выпадак. Расейскія эксперты адзначаюць, што імпартныя тавары могуць падаражэць прынамсі на 10% праз праблемы з пастаўкамі з Кітая. Прычым выдаткі імпарцёраў растуць яшчэ мацней, часцяком яны дасягаюць 30%, піша «Коммерсант».
Праблемы ў тым, што кітайскія пастаўшчыкі гатовыя выпраўляць тавар толькі ў тую краіну, з якой прыйшоў плацеж. І шырока распаўсюджаныя схемы, дзе грошы ідуць праз трэція краіны, цяпер змушаюць і тавары ісці хітрымі шляхамі. Прычым размова ідзе не толькі пра санкцыйныя тавары.
Яшчэ раней кітайскія банкі сталі ўважаць юані з Расеі за «брудныя». Праз гэта кампаніям даводзіцца «заводзіць» грошы ў Кітай з трэціх краінаў. Цяпер і гэты шлях пагражае праблемамі ў пастаўкамі тавараў.