Эканом-прапанова: Як выглядае самы просты Volkswagen Golf 2024
7- 20.09.2024, 20:45
- 6,568
Хэтчбэк атрымаў сучасную мультымедыйную сістэму, клімат-кантроль і набор сістэмаў бяспекі.
Лінейку абноўленага Volkswagen Golf 2024 пашырылі. У ЕЗ у продаж паступіла базавая версія хэтчбэк. Яе падрабязнасці з'явіліся на афіцыйным сайце нямецкага аўтавытворцы.
Пачатковы Volkswagen Golf 2024 у Нямеччыне каштуе ад 28330 еўраў за варыянт з 1,5-літровай бензінавай турбачацвёркай магутнасцю 116 к. с. і 6-ступеністай механічнай КПП. Акрамя таго, можна абраць 2,0-літровы 115-моцны турбадызель (такі варыянт каштуе 31930 еўраў).
Хэтчбэк Volkswagen Golf у базавай версіі мае 15-цалевыя сталёвыя дыскі з каўпакамі, аднак у яго святлодыёдныя фары, а дзвярныя ручкі афарбаваныя.
У салоне ўсталяваны віртуальны шчыток прыбораў і сэнсарны дысплэй мультымедыйнай сістэмы. Дарэчы, цяпер яна дапоўненая бесправаднымі Android Auto і Apple CarPlay.
Базавая камплектацыя Volkswagen Golf – не такая ўжо і бедная: бесключавы доступ, клімат-кантроль, датчык святла, бесправадная зарадка для смартфонаў. Акрамя таго, ёсць набор сістэмаў бяспекі – адаптыўны круіз-кантроль, аўтаматычнае тармажэнне, утрыманне ў паласе руху і распазнанне дарожных знакаў.