Беларуска схадзіла ў аптэку і атрымала 11 гадоў строгага рэжыму
11- 21.09.2024, 15:55
- 22,418
А таксама вялізны штраф.
У сталіцы 39-гадовая жанчына надумала хітра абысці сістэму і набыць лекі з падробленым рэцэптам, але замест жаданых прэпаратаў атрымала вялікі турэмны тэрмін – 11 гадоў і 1 месяц калоніі строгага рэжыму.
Як паведамляюць «Менск-Навіны», гэтая жанчына ўжо была на ўліку ў лекара-нарколага і раней тройчы была асуджаная, у тым ліку за абарачэнне забароненых рэчываў і выкарыстанне падробленых дакументаў. На гэты раз яна надумала падмануць фармацэўтаў: на параду знаёмага раздабыла чысты рэцэптурны бланк, запоўніла яго і скіравалася ў аптэку.
Аднак фармацэўтка, западозрыўшы нядобрае, папрасіла жанчыну пачакаць і выклікала міліцыю. Неўзабаве яе затрымалі, а потым пачалі крымінальную справу за выкарыстанне заведама падробленага дакумента.
Суд узяў да ўвагі ўсе папярэднія злачынствы асуджанай і вынес суровы прысуд: 11 гадоў калоніі строгага рэжыму, а таксама штраф 12 000 рублёў. Акрамя таго, жанчыну абавязалі прайсці прымусовае лячэнне ад наркаманіі.