Беларуская лекарка дала параду, як хутка вылечыць ВРВІ
22- 22.09.2024, 16:28
- 24,238
Увосень адзначаецца ўздым захворванняў на рэспіраторныя інфекцыі.
Беларуская лекарка-тэрапеўтка патлумачыла, як унікнуць і як вылечыць ВРВІ, паведамляе СТВ.
Увосень адзначаецца ўздым захворвання на рэспіраторныя інфекцыі і таму да свайго здароўя трэба быць асабліва ўважлівымі.
Лекарка-тэрапеўтка Кацярына Губіч адзначае, што шмат вірусаў выклікаюць ВРВІ:
– Гэта і вірус грыпу, і каранавірус, і парвавірус, і адэнавірус.
Увосень ВРВІ распаўсюджваюцца таму, што халаднее, а людзі дрэнна выконваюць захады засцярогі, сярод іншага апранаюцца не на сезон.
Неабходна ўжываць захады прафілактыкі. Сярод іншага, рэгулярна і правільна мыць рукі з мылам і вадой альбо выкарыстоўваць антысептычныя сродкі. Яшчэ трэба ўнікаць кантакту з хворымі людзьмі, асабліва ў перыяд эпідэміі.
А каб унікнуць магчымых ускладненняў, неабходна звярнуцца да лекара, таму што пры ВРВІ магчымае далучэнне бактэрыяльнай другаснай інфекцыі.
– Лекаванне ВРВІ ў асноўным сімптаматычнае, – кажа лекарка. – Першае, вядома, гэта шмат цёплага пітва. Хатні рэжым. Пры высокай тэмпературы – пасцельны рэжым. І сімптаматычныя сродкі супрацьзапаленчыя – для зніжэння тэмпературы цела, высокай тэмпературы большай за 38. Ну, і таксама зняцце сімптомаў пашкоджаных органаў. Напрыклад, калі моцная закладзенасць носа, то мы прызначаем судзіназвужальныя прэпараты. Калі сухі, надрыўны кашаль, то мукалітыкі, прэпараты, што разрэджваюць макроцце.