Рыгор Хадкевіч: Як будучы гетман ВКЛ перамагаў ваяводаў Івана Жахлівага
1- 28.09.2024, 14:28
- 1,484
Атрымаўшы булаву вялікага гетмана, Хадкевіч мацаваў нашы мяжы з Масковіяй.
Дакладная дата нараджэння Рыгора Хадкевіча невядомая, але прыблізна гэта 1510-ы год. Ён нарадзіўся ў сям'і наваградскага ваяводы Аляксандра Іванавіча Хадкевіча і князёўны Васілісы Яраслаўны Галаўчынскай, быў іх другім сынам, паведамляе vklby.com.
Рыгор Хадкевіч займаўся дзяржаўнай і ваеннай дзейнасцю ў якасці дзяржаўнага дзеяча падкаморага ВКЛ з 1544 да 1559 г., быў ваяводам віцебскім з 1554 да 1555 г. і кіеўскім з 1555 да 1559 г., кашталянам троцкім з 1559 да 1564 г. і віленскім з 1564 г., адначасова гетманам польным з 1561 да 1566 г. і вялікім гетманам літоўскім з 1566 г.; старастам магілёўскім, гарадзенскім, ковенскім і тыкацінскім.
Як палкаводзец упершыню вызначыўся падчас Лівонскай вайны ў бітве на рацэ Уле ў 1564-м годзе. У гэтай бітве Рыгор Хадкевіч камандаваў конніцай, якая першая ўдарыла па войсках маскоўскага ваяводы Пятра Шуйскага, а потым пераследавала рэшткі спаборніка па дарозе на Полацак. Пазней ён рыхтаваў план генеральнага паходу на Маскву, каб адным ударам разбіць маскоўскія войскі і перамагчы ў вайне. Але праз нерашучасць вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста план не быў ажыццёўлены.
Атрымаўшы булаву вялікага гетмана літоўскага, Хадкевіч для забеспячэння абароны ВКЛ удасканаліў арганізацыю войскаў. На межах з Маскоўскім княствам будаваў новыя і мацаваў старыя замкі, займаўся інспекцыяй войскаў, а таксама забеспячэннем іх зброяй, амуніцыяй і своечасовымі выплатамі жалавання. Быў аўтарам ваеннага статута ВКЛ «Артыкулы гетманскія», выдадзенага ў 1560-м годзе. У гэтым ваенным статуце былі пазначаныя функцыі гетманскай улады ў войсках, правы і абавязкі.
Удзельнічаў у зборы вялікага апалчэння літоўскай шляхты каля вёскі Краснай (сёння Маладзечанскі раён, Менская вобласць), дзе правёў перапіс войска.
Як палітычны дзеяч Рыгор Хадкевіч быў прыхільнікам незалежнасці ВКЛ і выступаў супраць Люблінскай уніі. Калі унію падпісалі, ён на знак пратэсту адмовіўся ад дзяржаўнай дзейнасці і пераехаў у свой маёнтак Заблудаў Гарадзенскага павета (сёння мястэчка знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы). У Заблудаве ён заняўся дабрачыннасцю і мецэнацтвам. Там ён пры дапамозе праваслаўнай царквы адкрыў лякарню як для праваслаўных, так і для каталікоў. Прыняў у сябе ўцеклых з Масквы кнігадрукароў Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца, якія ў Заблудаве надрукавалі «Евангелле вучыцельнае» (зборнік тлумачэнняў евангельскіх тэкстаў) з выявай герба Хадкевічаў на абароце тытульнага ліста. Пасля таго як Пётр Мсціславец з'ехаў у Вільню, Іван Фёдараў, ужо адзін, надрукаваў «Псалтыр з Часаслоўцам». У 1570-м годзе пад ціскам каталіцкай царквы Хадкевіч вымушаны быў адмовіцца ад праваслаўнага кнігадрукавання.
Быў жанаты з князёўнай Кацярынай Іванаўнай Вішнявецкай, дачкой князя Івана Міхайлавіча Вішнявецкага. У іх было пяцёра дзяцей: Аляксандр, Андрэй, Соф'я, Ганна, Аляксандра.
Памёр Рыгор Хадкевіч у 1573 годзе ў сваім маёнтку Заблудаве. Пахаваны ў катакомбах Дабравешчанскага сабора ў Супраслі (сёння сабор знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, Беластоцкі павет, Падляскае ваяводства).