3 верасня 2024, aўторак, 14:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Прыйшоў верасень - даставай партманэт»

3
«Прыйшоў верасень - даставай партманэт»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Беларускія бацькі расказалі, як стартаваў новы навучальны год.

2 верасня ў школах Беларусі прайшлі ўрачыстыя лінейкі да Дня ведаў - 105 тысяч дзяцей прыйшлі ў першы клас, звыш 900 тысяч - ва ўсе астатнія. "Салідарнасць" даведалася ў бацькоў і вучняў, у якой атмасферы стартаваў новы навучальны год.

“Намяшалі ў кучу год якасці з БелАЗамі, барацьбу з фашыстамі і паспяховасць»

Сын Таццяны (імёны ўсіх суразмоўцаў зменены з меркаванняў бяспекі - С.) сёлета пайшоў у 9 клас адной з менскіх школ. На лінейку падлетак папрасіў нікога з сям'і яго не суправаджаць - "усё адно нічога святочнага не будзе".

- І меў рацыю, - кажа мянчанін. - Амаль гадзіну былі афіцыйныя прамовы, прычым прадстаўнік інспекцыі ў справах непаўналетніх казаў больш, чым дырэктарка, якая літаральна пратараторыла пажаданне і заклікала старшакласнікаў старацца, каб школа імі ганарылася.

Адміністрацыя была такая заклапочаная, каб гасцям усё спадабалася, што ніхто з завучаў нават не звярнуў увагу, як амаль усе нашы дзеці праігнаравалі ўрачыстыя ўборы - прыйшлі хто ў кедах, хто ў футболках, майго ледзь угаварылі белую кашулю надзець. Добра хоць, класная "прыкрыла" хлапчукоў дзяўчынкамі, якія былі больш-менш у афіцыйна-дзелавым стылі.

Ну і адразу пасля лінейкі дзевяцікласнікі пайшлі вучыцца, адзінае ці то патуранне, ці то абязалаўка - крыху скарочаныя ўрокі. І класная гадзіна на тэму "Нам ёсць, чым ганарыцца, нам ёсць, што берагчы!".

Сын кажа, намяшалі ў кучу год якасці з БелАЗамі, барацьбу з фашыстамі і паспяховасць - "каб вы выраслі людзьмі, якія будуць абараняць сапраўдныя каштоўнасці". Увогуле, мой скептык-падлетак ледзь сківіцу не вывіхнуў, так пазяхаў.

А вішанькай на торце, са слоў Таццяны, стала дзённае дзяжурства супрацоўнікаў міліцыі ля брамкі - каб ніхто раней часу не пакінуў “храм ведаў”.

"Прыйшоў верасень - даставай партманэт"

- Ведаеце, у нас усё прайшло не так страшна, як я чакала, - кажа Наталля, маці вучаніцы пачатковай школы ў адным з райцэнтраў Віцебскай вобласці. - Можа быць, таму што горад невялікі, і не перад кім асабліва вылузвацца, ці таму, што ніякія ганаровыя госці з пракуратуры не ўшанавалі прысутнасцю, быў толькі мясцовы дэпутат.

Думаю, з гэтай жа прычыны асабліва ніхто не чапляўся з формай - празрыста намякнулі, што патрэбны белы верх, сіні ніз, але дзяўчынак у прыгожых чорных і бардовых спадніцах ніхто не чапляў за невыкананне. І чым далей, тым менш усім да гэтага справа будзе, думаю - дзеці ахайныя і апранутыя ў дзелавым стылі, ну і добра.

Увогуле, лінейка як лінейка - пара песень, узняцце сцяга, афіцыйныя прамовы, першакласніцы далі першы званок - і ўсё пабеглі вучыцца. Афіцыйна быў адзін уступны ўрок, на справе тры скарочаныя, нават першае хатняе заданне задалі.

Распавядалі, дарэчы, малодшакласнікам, пра Беларусь як касмічную дзяржаву, што трэба гэтым ганарыцца, і вельмі ставілі ў прыклад Марыну Васілеўскую. Дачка дома падзялілася высновай: "Дык можна і не вучыцца лепш за ўсіх, галоўнае ў космас злётаць".

У нас не прыжылася, на жаль, традыцыя замест кветак рабіць дабрачынныя ахвяраванні, хоць мы з яшчэ адной мамай усё лета астатніх бацькоў угаворвалі, але ўсім было лянота варушыцца да апошняга.

Так што ўсё прыцягнулі букеты, і пасля збору кветак класная адразу загаварыла пра грошы — 43 рублі на дадатковыя дапаможнікі і працоўныя сшыткі, "а вы потым самі вырашыце ў камітэце, колькі збіраць на ваду і сурвэткі".

Так што ў нас традыцыйны такі пачатак навучальнага года: прыйшоў верасень - даставай партманэт.

"Прыемна здзівіла, што скончылася істэрыя з дзённікамі"

— Мае дзяўчынкі вучацца ў даволі прэстыжнай па менскіх мерках школе, — кажа жыхар сталіцы Павел, — і мы ўнутрана напружваліся, ці не зладзяць з першага званка які-небудзь узорна-паказальны трэш.

Але не, прайшло сумна, прадказальна і двволі хутка, два-тры чалавекі з розных структур з ідэалагічным пасылам, песні-танец, верш на беларускай мове, і ўсе, дзеці па класах, бацькі вольныя.

Адзінае, што прыемна здзівіла - скончылася істэрыя з дзённікамі, якія перавыпускаюць кожны год і забараняюць выкарыстоўваць "састарэлыя ўзоры". У гэтым годзе прычапіліся было да дзяўчынкі/хлопчыка на вокладцы, нібыта гендэрны падзел, і словам “подпіс законных прадстаўнікоў” — замянілі на “подпіс бацькоў”.

А многія, і я таксама, купілі гэтыя дзённікі яшчэ ў пачатку лета - не касмічная сума, але проста крыўдна выкідваць з-за дурных прыдзірак. І, відаць, занадта шмат званкоў і лістоў было ў міністэрства з гэтай нагоды - "рэкамендавалі не патрабаваць замену дзённіка".

Наша завуч, якая раней з пенай ля рота заяўляла, што асабіста праверыць дзённікі і не ўпусціць у школу (!) з “няправільным”, вымушана была падціснуць вусны качынай дзюбкай і сказаць “ну што з вамі рабіць, выкарыстоўвайце, які купілі”.

А вось у гімназіі, дзе вучыцца дачка нашых суседзяў, зрабілі ўсё для карцінкі, якая павінна спадабацца самі ведаеце каму. Школа гэтая з гісторыяй, беларускамоўная, дастаткова моцныя педагогі — і, напэўна, таму яе вырашылі ўзяць у абарачэнне сілавыя структуры.

Па-першае, побач Акадэмія міліцыі, вельмі яе прадстаўнікі любяць хадзіць, зазываць на розныя тэматычныя мерапрыемствы. А па-другое, ужо другі год запар там набіраюць профільныя класы з мытным ухілам: дзеці амаль у сапраўднай форме, вайсковая падрыхтоўка, ідэалагічны класныя гадзіны.

І школьныя святы часта выглядаюць, як дзень адчыненых дзвярэй у вайсковай часці, з параднымі разлікамі, вынасам сцягу і выступамі начальнікаў у пагонах аб тым, як трэба радзіму абараняць.

У гэтым годзе на лінейцы, наколькі я чуў, таксама быў ганаровы госць ад мытні, яны правялі “цырымонію дарэння”, уручылі камусьці з дзяцей школьны заплечнік і канцылярыю. Не-не, не ўсяму класу, аднаму чалавеку, але трэба ж было нагнаць пафасу. Хаця ў астатнім таксама без сюрпрызаў. Паглядзім, ці надоўга такі спакой.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках