3 верасня 2024, aўторак, 22:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску выявілі чатыры выпадкі шаленства кажаноў

2
У Менску выявілі чатыры выпадкі шаленства кажаноў

Рукакрылыя залятаюць у кватэры выпадкова і не праяўляюць агрэсіі.

У сталіцы ў ліпені-жніўні гэтага года зарэгістраваныя чатыры выпадкі шаленства кажаноў. Аб гэтым расказала журналістам лекарка-эпідэміёлаг аддзялення асабліва небяспечных інфекцый Менскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Любоў Сакалова, піша агенцтва «Минск-Новости».

Інцыдэнты адбыліся ў кватэрах гараджан, куды выпадкова заляцелі рукакрылыя.

Са слоў доктара, ніхто не пацярпеў. Хаця менчукі лавілі няпрошаных гасцей, часам нават голымі рукамі. Ім пашанцавала, што не заразіліся шаленствам. Варта адзначыць, што кажаны ў сваёй большасці не хварэюць на гэты небяспечны вірус, але цалкам могуць быць яго пераносчыкамі.

Любоў Сакалова парэкамендавала ўсталяваць на вокнах маскітныя сеткі. Цяпер надыходзіць сезон, калі дзіцяняты рукакрылых вучацца лётаць. І малыя могуць заляцець куды заўгодна, у тым ліку ў кватэру шматпавярховага дома.

Акрамя таго, спецыялістка параіла прышчэпліваць ад інфекцыйных хвароб і шаленства сваіх хатніх гадаванцаў.

Як адзначыла эпідэміёлаг, рукакрылыя залятаюць у кватэры выпадкова. Яны не праяўляюць агрэсіі, не нападаюць на людзей і жывёлін.

«Галоўнае - не дапусціць кантакту з хатнімі гадаванцамі, асабліва калі яны не прышчэпленыя», - распавяла лекарка.

Таксама яна дала параду: не спрабуйце самастойна злавіць кажана - выклічце супрацоўнікаў МНС.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках