3 верасня 2024, aўторак, 22:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Белкаапзвязе расказалі, на чым могуць зарабіць агароднікі

5
У Белкаапзвязе расказалі, на чым могуць зарабіць агароднікі

Сярод самых дарагіх пазіцый – часнок, ліскі, брусніцы.

Нарыхтоўчыя арганізацыі сістэмы Белкаапзвязу буйнымі партыямі набываюць у беларусаў сезонную прадукцыю. Пра гэта БелТА паведаміў намеснік кіраўніка ўправы нарыхтовак і знешнеэканамічнай дзейнасці Белкаапзвязу Юры Сакалоўскі.

Паводле звестак на 2 верасня, Белкаапзвяз ужо набыў 11 тысячаў тонаў яблыкаў, 2,9 тыс. т агуркоў, 1,9 тыс. т таматаў, 4,5 тыс. т капусты і 25,5 тыс. т збожжа. Засекі нарыхтоўчых арганізацый папоўнілі 423 т кавуноў, 130 т малінаў, 50 т буякоў і 26 т грыбоў.

Частка нарыхтаванай прадукцыі будзе рэалізаваная ва ўласнай гандлёвай сетцы Белкаапзвязу і аб'ектах грамадскага харчавання, частка пойдзе на прамысловую перапрацоўку, частка – на экспарт.

Юрый Сакалоўскі адзначыў: закупачныя кошты вызначаюцца зыходзячы з рыначнай кан'юнктуры, якасці прадукцыі, яе гатунку і памеру, меркаваных рынкаў збыту і кірункаў выкарыстання. Не выключаныя і іншыя чыннікі.

На гэты момант (стан на 2 верасня) кошты наступныя. Больш за ўсё нарыхтоўчыя арганізацыі Белкаапзвязу гатовыя плаціць за часнок, адпускаючы ад чатырох да сямі рублёў за кілаграм. На другім месцы сярод лідараў у дарагоўлі – ліскі, за кілаграм гэтых грыбоў можна атрымаць ад трох да сямі рублёў. На 3–3,5 рубля нарыхтоўнікі ацэньваюць кілаграм брусніцаў, на 1,5–5 рублёў – кілаграм малінаў. Тыя, у каго сёлета ўраджай агуркоў, атрымаюць больш, чым тыя, хто зрабіў акцэнт на таматах: агуркі прымаюць за 1,7–2,5 рубля за кілаграм, таматы – за 1,1–2 рублі за кілаграм (у залежнасці ад віду і гатунку). За таварныя яблыкі нарыхтоўнікі гатовыя плаціць 1–2,2 рубля за кілаграм, а за кілаграм тых, што прыдатныя толькі для прамысловай перапрацоўкі, – 0,1–0,23 рубля.

Дзіўна, але не такія звыклыя для беларускіх градак кавуны ў насельніцтва Белкаапзвяз прымае з такімі ж коштамі, што і цыбулю, – 0,8–1,2 рублі за кілаграм. Закупачныя кошты капусты вызначаныя на ўзроўні 0,7–1,3 рубля за кілаграм, чарнаплодных рабінаў – 0,6–1,5 рубля, бульбы – 0,5–0,9 рубля. Моркву можна здаць за 0,55–0,85 рубля, буракі – за 0,5-0,85 рубля за кілаграм.

Нарыхтоўкі прадаўжаюцца ва ўсіх кутках Беларусі. Тэрміны іх заканчэння вызначаць надвор'е і аб'ёмы ўраджаю.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках