Дэпутаты Бундэстага будуць дамагацца забароны ўльтраправых
1- 30.09.2024, 10:13
- 1,338
Дакумент рыхтавалі некалькі месяцаў.
Нямецкія дэпутаты Бундэстага плануюць падаць у суд патрабаванне аб прызнанні прарасейскай партыі Альтэрнатыва для Нямеччыны (AfD) неканстытуцыйнай для таго, каб забараніць яе.
Аб гэтым паведамілі выданні Tagesschau і Welt, спасылаючыся на дасведчаных у гэтым пытанні суразмоўцаў, перадае "Еўрапейская праўда".
Выданні распавялі, што прадстаўнікі як мінімум чатырох палітычных сіл - Сацыял-дэмакратычнай партыі, кааліцыі ХДУ/ХСУ, Зялёных і Левых - рыхтуюцца ўнесці ў Бундэстаг прапанову аб звароце ў Федэральны канстытуцыйны суд з мэтай забароны AfD.
Са звестак Welt, прапанову падтрымліваюць не менш за 10 дэпутатаў ад кожнай з вышэйзгаданых груп. Для міжпартыйнай прапановы неабходна 5% Бундэстага, гэта значыць 37 дэпутатаў.
Выданне адзначыла, што дакумент рыхтавалі на працягу некалькіх месяцаў і яго амаль закончылі да 27 верасня. Неўзабаве чакаецца галасаванне ў Бундэстагу.
Акрамя патрабавання забараніць AfD, дакумент таксама прапануе альтэрнатыўную пастанову аб спыненні дзяржаўнага фінансавання партыі.
Дэпутаты абвінавачваюць AfD у парушэнні прынцыпаў чалавечай годнасці і дэмакратычнага парадку, праз заявы яе лідэраў у дачыненні да мігрантаў, мусульман і сэксуальных меншасцяў.
Як вядома, AfD - гэта правая папулісцкая партыя, заснаваная ў 2013 годзе, якая выступае супраць еўраінтэграцыі, міграцыі і палітыкі адкрытых межаў, часта крытыкуе іслам і абараняе традыцыйныя каштоўнасці.
Нагадаем, AfD заняла першае месца на зямельных выбарах у Цюрынгіі 1 верасня, набраўшы амаль 33% галасоў і атрымаўшы больш за трэць месцаў у ландтагу. Хрысціянска-дэмакратычная ўнія заняла другое месца амаль з 24%.
Для таго, каб сфармаваць кааліцыю ў Цюрынгіі, ХДУ вядзе перамовы з левацэнтрысцкай Сацыял-дэмакратычнай партыяй і левым папулісцкім, антыіміграцыйным «Альянсам Сары Вагенкнехт» (BSW).
28 верасня спікерам парламента ўсходненямецкай зямлі Цюрынгія абралі прадстаўніка ХДУ, а не ультраправай "Альтэрнатывы для Нямеччыны", якая перамагла на зямельных выбарах у пачатку месяца.