Дураў адмовіўся ад дыпламатычнай дапамогі Расеі
- 6.09.2024, 11:08
- 3,676
Але пагадзіўся, каб амбасада ААЭ была ў курсе ягонай сітуацыі.
Заснавальнік Telegram Павел Дураў адмовіўся ад дыпламатычнай дапамогі, якую яму пасля затрымання ў Францыі прапанавалі Расея і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, распавёў Politico французскі чыноўнік.
«Ён адмовіўся ад расейскай консульскай абароны і консульскага візіту ААЭ, але пагадзіўся, каб пасольства ААЭ было ў курсе яго сітуацыі», - сказаў субяседнік выдання.
Супрацоўнік дыпламатычнай службы ААЭ пацвердзіў, што дыпламаты кантактуюць з прадстаўнікамі Дурава і французскімі ўладамі. У пасольстве РФ у Францыі гэтую інфармацыю на момант публікацыі не пракаментавалі.
Дураў з'яўляецца грамадзянінам адразу некалькіх краін: у яго ёсць грамадзянства Расеі, ААЭ, Францыі, а таксама дзяржавы Сэнт-Кітс і Нэвіс, якая размешчана на Карыбскіх астравах.
Прадпрымальніка затрымалі ў Парыжы 24 жніўня. Французскія ўлады падазраюць яго ў недастатковай мадэрацыі Telegram, а таксама ў адмове ад супрацоўніцтва, што, на думку праваахоўных органаў Францыі, робіць яго суўдзельнікам распаўсюджвання дзіцячай парнаграфіі, продажу наркотыкаў, махлярства і іншых злачынстваў. 28 жніўня Дурава адпусцілі пад заклад 5 млн еўраў і абавязацельствы двойчы на тыдзень адзначацца ў пастарунку.