Экс-капітана міліцыі з Кобрына судзяць паводле артыкула аб здрадзе дзяржаве
9- 6.09.2024, 14:07
- 10,930
Ягоны бацька кіраваў абласным ГУБАЗ.
17 верасня Берасцейскі абласны суд пачынае разглядаць справу супраць 41-гадовага жыхара Кобрына Дзмітрыя Ператолчына. Яго абвінавачваюць паводле артыкула аб здрадзе дзяржаве (частка 1 артыкула 356 КК) і аб неданясенні аб злачынстве (частка 2 артыкула 406).
Паводле інфармацыі «Белпол», прадстаўленай «Медыязоне», Ператолчын да 2011 года працаваў на пасадзе камандзіра ўзвода Кобрынскага аддзела Дэпартамента аховы і з'яўляўся капітанам міліцыі. Жанаты, ёсць дачка.
У лістападзе 2012 года Берасцейскі міжгарнізонны ваенны суд прысудзіў Ператолчыну да 3,5 гадоў калоніі з адтэрміноўкай на тры гады паводле артыкула аб махлярстве (частка 3 артыкула 209 КК). У жніўні 2010 года Ператолчын разам з іншымі беларусамі ўступіў у змову. Яна палягала ў тым, каб выкрасці пад выглядам канфіскацыі маёмасць, увезеную з Украіны.
Знаходзячыся ў форме, Ператолчын спыніў аўто, у якім перавозіліся рэчы з Украіны. Пад выглядам канфіскацыі ён разам з суўдзельнікамі скраў маёмасць, прычыніўшы ўладальніцы рэчаў страты на 9 143 000 недэнамінаваных беларускіх рублёў. Ператолчына пазбавілі ранга капітана міліцыі. Пасля гэтага ён працаваў ліцейшчыкам на «Палессі» і спецыялістам у «Дабраноме».
Бацька абвінавачанага - Генадзь Ператолчын - падпалкоўнік міліцыі ў запасе, які займаў пасаду начальніка ГУБАЗ у Берасцейскай вобласці. У 2008 годзе пайшоў на пенсію, а ў 2014 годзе быў кандыдатам у Кобрынскі раённы савет дэпутатаў.