У Беларусі - аўтамабільны «хапун»
6- 6.09.2024, 15:17
- 11,964
Устаноўлены месячны рэкорд набыцця новых аўто.
У Беларусі ў жніўні прадалі 4 916 новых легкавікоў і лёгкага камерцыйнага транспарту. Гэта месячны рэкорд гэтага года, паведамляе Беларуская аўтамабільная асацыяцыя (БАА). Больш актыўна беларусы куплялі аўто брэнда Geely.
За жнівень кампаніі-чальцы БАА прадалі 4916 адзінак легкавых аўтамабіляў і лёгкага камерцыйнага транспарту. Гэта месячны рэкорд гэтага года. Жнівеньскі паказчык таксама больш як удвая перавышае продажы за аналагічны месяц 2023-га.
За восем месяцаў гэтага года было прададзена 29 987 аўтамабіляў. Гэта больш, чым за ўвесь 2023-ты. Пры гэтым продажы за студзень-жнівень гэтага года на 120% перавышаюць паказчыкі аналагічнага перыяду 2023-га, удакладняюць у БАА.
Лідар продажаў сярод легкавых аўтамабіляў - Geely, на гэты брэнд прыпадае 49% ад агульнай колькасці рэалізацыі новых легкавікоў.
Рост продажаў новых аўтамабіляў звязаны з тым, што дылеры пашырылі свае прапановы, таксама павялічыўся попыт у пакупнікоў. На думку БАА, людзі сталі больш набываць транспарт праз даступнасцб аўтакрэдытаў і лізінгу. Сярод іншых прычын - рост даходаў насельніцтва, а таксама складанасці з увозам аўто праз мяжу.
Па выніках васьмі месяцаў гэтага года больш за 5% прададзеных афіцыйнымі дылерамі аўтамабіляў належаць да класа электрычных, адзначаюць у БАА. Па выніках 2023-га гэты паказчык дасягаў 1,7 адсотка. На павелічэнне продажаў электраазтамабіляў паўплывала пашырэнне інфраструктуры для падсілкоўвання электрамабіляў у Беларусі.