6 верасня 2024, Пятніца, 18:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

CША прыстрашылі краіны, якія адкрываюць філіялы расейскіх банкаў

1
CША прыстрашылі краіны, якія адкрываюць філіялы расейскіх банкаў

Могуць быць уведзены санкцыі.

Адкрыццё «дочак» або філіялаў расейскіх банкаў за мяжой павінна быць «чырвоным сцягам» для іншых дзяржаў, паколькі Расея можа такім чынам спрабаваць абысці санкцыі за вайну ва Украіне, папярэдзілі ва Управе кантролю за замежнымі актывамі Мінфіна ЗША (OFAC), піша The Moscow Times.

У сувязі з гэтым OFAC заклікала замежныя банкі з асцярожнасцю ставіцца да ўгод з новымі замежнымі філіяламі або «дочкамі» расейскіх крэдытных арганізацый, у тым ліку з тымі, якія не знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.

«Усе замежныя фінансавыя ўстановы, якія ўступаюць ва ўзаемадачыненні з такімі падраздзяленнямі або "дочкамі", уключаючы абслугоўванне рахункаў, пераводы сродкаў або выконванне іншых паслуг, такіх як апрацоўка плацяжоў, гандлёвае фінансаванне і страхаванне, павінны ўлічваць істотныя санкцыйныя рызыкі», - адзначылі ў OFAC.

Пры гэтым у ведамстве дадалі, што ўгоды, звязаныя з харчаваннем, сельскай гаспадаркай, медыцынай, энэргетыкай і тэлекамунікацыямі, па-ранейшаму дазволеныя.

У папярэджанні OFAC падкрэсліваецца, што ў амерыканскага Мінфіна ёсць набор інструментаў «для спынення спроб Расеі фінансаваць сваю ваенна-прамысловую базу, у тым ліку шляхам стварэння новых прадстаўніцтваў або даччыных кампаній фінансавых устаноў» за мяжой.

Ведамства спаслалася на закон аб банкаўскай таямніцы (Bank Secrecy Act, BSA) як на інструмент, які дазваляе супрацьстаяць спробам расейскіх банкаў заснаваць у іншых краінах свае філіялы і «дочкі».

У 2021 годзе ЗША ўнеслі папраўкі ў названы закон, дазволіўшы амерыканскім рэгулятарам у рамках іх расследаванняў патрабаваць у замежных банкаў, у якіх ёсць карэспандэнцкія рахункі ў ЗША, інфармацыю, якая належыць да кожнага рахунку ў такім банку, у тым ліку інфармацыю, якая захоўваецца за мяжой. Да гэтага амерыканскія ўлады маглі запытваць толькі інфармацыю, якая належыць да карэспандэнцкіх рахункаў замежнага банка ў ЗША.

У выпадку, калі замежны банк адмовіцца выконваць патрабаванне аб выдачы інфармацыі, Мінфін ЗША і Мінюст ЗША могуць абавязаць амерыканскія банкі разарваць карэспандэнцкія стасункі з такім банкам, а таксама накласці штрафы на яго.

«Так сказаць, санкцыі ўжо і не абавязковыя. Ёсць «рускі дух» — ёсць падазронасць і стаўленне — гэта ўсё пад санкцыямі згодна з вызначэннем», — гаворыць інвестбанкір Яўген Коган. Паводле ягоных слоў, новае папярэджанне OFAC прывядзе да пашырэння практыкі закрыцця рахункаў і прыпынення іншых спадарожных фінансавых паслуг.

«Мінфін ЗША настолькі ўсіх запалохаў, што зараз гэта нагадвае прынцып дыскрымінацыі паводле паходжання. Ёсць кейсы, калі з чалавекам асцерагаюцца мець справу, нават калі ён не жыве і не працуе ў Расеі, але мае дадаткова расейскі пашпарт ці ў замежным грамадзянстве пазначанае месца нараджэння РФ/СССР», - дадаў Коган.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках