У сталічным рэстаране дзяўчына скрала ў імянінніцы вялізны букет чырвоных ружаў
17- 6.09.2024, 20:02
- 12,850
Што было далей.
Суд разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да 25-гадовай раней не асуджанай мянчанкі, якую абвінавачвалі ва ўчыненні крадзяжу, піша агенцтва «Менск-Навіны» са спасылкай на пракуратуру.
Паводле матэрыялаў справы, абвінавачаная з сяброўкай адпачывала ў адным з рэстаранаў на вуліцы Мельнікайтэ. Пасля паўночы яны сабраліся сыходзіць. Праходзячы міма стойкі адміністратара, мянчанка ўбачыла вядро, у якім стаяў букет з 51 чырвонай ружы, і забрала кветкі з сабой. Паводле ейных словаў, па дарозе дадому ёй стала сорамна за свой учынак, таму яна выкінула выкрадзены букет у смеццевы бак.
Супрацьпраўныя дзеянні дзяўчыны зафіксавалі камеры відэаназірання, устаноўленыя ў рэстаране. Букет належаў іншай наведніцы ўстановы, якая там святкавала свой дзень народзінаў.
У дачыненні да дзяўчыны следчыя распачалі крымінальную справу за крадзеж. Віну яна прызнала цалкам, у зробленым раскаялася, перад пацярпелай папрасіла прабачэння і кампенсавала ёй нанесеную шкоду памерам 170 рублёў.
У выніку суд пастанавіў вызваліць мянчанку ад крымінальнай адказнасці з накладаннем адміністрацыйнай (арт. 86 КК), а вядзенне ў крымінальнай справе ў дачыненні да яе паводле ч. 1 арт. 205 КК (Крадзеж) спыніць.
Паводле адміністрацыйнага артыкула дзяўчыну аштрафавалі на 20 базавых велічыняў (800 рублёў).