7 верасня 2024, Субота, 0:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы прэм'ер Мішэль Барнье абяцае супакоіць «абураных» французаў

1
Новы прэм'ер Мішэль Барнье абяцае супакоіць «абураных» французаў
МІШЭЛЬ БАРНЬЕ

Прэзідэнт Францыі спадзяецца, што ветэран кансерватыўнай партыі зможа вывесці краіну з палітычнага тупіку.

У чацвер прэзідэнт Эмануэль Макрон прызначыў Мішэля Барнье новым прэм'ер-міністрам Францыі, спадзеючыся, што былы перамоўнік у «брэксіце», ветэран кансерватыўнай партыі зможа вывесці краіну з палітычнага тупіку.

У сваёй першай прамове ў якасці прэм'ер-міністра Францыі Мішэль Барнье паабяцаў даць адказ на незадаволенасць, якая пануе ў французскім грамадстве.

Выступаючы на цырымоніі прыняцця паўнамоцтваў ад свайго папярэдніка Габрыэля Аталя, новы кіраўнік ураду заявіў, што прыярытэт ягонай працы на новай пасадзе – развязанне праблемаў, якія выклікалі незадаволенасць французскіх выбарнікаў.

«Мэта ў тым, каб напоўніцу адказаць на выклікі, гнеў, пакуты, на пачуццё пакінутасці, несправядлівасці, якіх занадта шмат у нашых гарадах і вёсках», – сказаў ён.

Прэзідэнт Эмануэль Макрон прызначыў Барнье прэм'ерам, спадзеючыся, што ветэран правага кансерватыўнага руху зможа спрацавацца з заканадаўчым органам краіны, у якім пануюць сур'ёзныя рознагалоссі, і пакласці канец палітычным узрушэнням.

73-гадовы Барнье – самы пажылы кіраўнік кабінета міністраў з усіх 26 прэм'ераў Пятай рэспублікі.

Ён змяніў самага маладога на гэтай пасадзе палітыка – Габрыэля Аталя, якому ў момант уступлення на пасаду было 34 гады.

Барнье доўгія гады прадстаўляе правую партыю галістаў «Рэспубліканцы» (LR), і мае багаты паслужны спіс. Ён двойчы займаў пасаду еўракамісара, а ў перыяд з 2016 да 2021 года – быў галоўным перамоўнікам ЕЗ у «брэксіце».

Прызначэнне Барнье паклала канец больш як 50-дзённай працы часовага ўраду Францыі, але не дае ніякіх гарантый таго, што палітычная сітуацыя ў краіне стабілізуецца, мяркуюць аналітыкі.

Цяперашні Нацыянальны сход падзелены на тры блокі: левую кааліцыю «Новы народны фронт» (NFP), у якой больш за ўсё месцаў у ніжняй палаце парламента, але няма абсалютнай большасці, цэнтрысцкую групу Макрона і ультраправае «Нацыянальнае аб'яднанне».

І левыя, і ўльтраправыя засталіся незадаволеныя прызначэннем Барнье.

«З Мішэлем Барнье ў Маціньёне ў якасці прэм'ер-міністра, прэзідэнт, безумоўна, захавае ўладу. Новы прэм'ер не кідае яму выклік. Крайняя памяркоўнасць ягонай палітыкі і прымірэнчы характар ягоных прамоваў – гэта плюс для прэзідэнта, але не абавязкова для французаў, якія галасавалі за левых і адчуваюць сябе здраджанымі», – кажа палітолаг Дамінік Муазі.

Цяпер Барнье трэба будзе пераадолець вотум даверу ў Нацыянальным сходзе.

Мяч на баку ультраправых, мяркуюць некаторыя эксперты. Выбар Барнье можа прывесці да ўмацавання пазіцый «Нацыянальнага аб'яднання» Марын Ле Пен. Але не трэба скідаць з рахункаў і левых, якія атрымалі большасць галасоў на датэрміновых выбарах.

«Сёння ў нас ёсць тры буйныя гульцы ў палітыцы: Макрон, Меланшон і Марын Ле Пэн. І ёсць двое, якія, як мяркуецца, уносяць беспарадак. Гэта проста чарговы крок, які дае больш аўтарытэту ультраправым», – сказаў у інтэрв'ю Euronews палітолаг Эмануэль Рыўер.

Калі Барнье вытрымае выпрабаванне вотумам недаверу, далей яму трэба будзе спрацавацца з раздробненым парламентам. Францыя павінна прадставіць Брусэлю свае прапановы ў скарачэнні дзяржаўных выдаткаў да 20 верасня (хоць гэты тэрмін можа быць прадоўжаны да кастрычніка). Згодна з нормамі ЕЗ, краіне неабходна ўрэзаць свой бюджэт на 30 мільярдаў еўраў у 2025 годзе.

Законапраект павінен быць пададзены на разгляд парламента 1 кастрычніка.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках