Начная атака РФ: Украінцы знішчылі 58 з 67 «шахедаў»
- 7.09.2024, 10:14
- 4,496
Некаторыя з іх уцяклі ў Беларусь.
У ноч на суботу, 7 верасня, расейскае войска атакавала Украіну 67 ударнымі БПЛА тыпу Shahed-131/136. Сілы супрацьпаветранай абароны краіны збілі 58 дронаў.
Пра гэта паведамляюць Паветраныя сілы ў Telegram.
Адзначаецца, што яшчэ шэсць беспілотнікаў выйшлі з падкантрольнай паветранай прасторы Украіны, паляцеўшы ў кірунку Расеі, Беларусі і часова акупаванай Луганшчыны. Яшчэ тры варожых дроны лакальна страчаныя на тэрыторыі Украіны, верагодна, упаўшы пад уздзеяннем сродкаў РЭБ.
Адзначаецца, што «шахеды» краіна-агрэсарка запусціла з Курска і Ейска, РФ, і мыса Чауда ў часова акупаваным Крыме.
Супрацьпаветраная абарона працавала ў Вінніцкай, Ровенскай, Хмяльніцкай, Кіеўскай, Кіраваградскай, Мікалаеўскай, Чарнігаўскай, Чаркаскай, Сумскай, Херсонскай і Палтаўскай абласцях.
У ноч на 7 верасня ў шэрагу абласцей Украіны была абвешчаная паветраная трывога. У Вінніцкай, Кіеўскай, Хмяльніцкай абласцях і ў Кіеве былі чуваць выбухі. У выніку атакі ў Пячэрскім раёне сталіцы адбылося загаранне на адкрытай тэрыторыі.