21 снежня 2024, Субота, 17:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фінансавая выведка ЗША паставіць Менску ўльтыматум

11
Фінансавая выведка ЗША паставіць Менску ўльтыматум

І гэта толькі пытанне часу.

Навіна апошніх дзён: у Расеі рэзка вырас попыт на юань. Вырас настолькі, што нават афіцыйны курс расейскага рубля аслабеў. У чым жа рэч?

«Нястача юаняў прысутнічае на рынку больш за год, яна пагоршылася пасля таго, як НКЦ быў уключаны ў санкцыйны спіс, і кітайскія банкі былі вымушаныя абмежаваць свае аперацыі праз біржавую пляцоўку, нагадвае гендырэктар кампаніі Sirius Capital Арарат Мкртчан. У выніку імпарцёры былі моцна абмежаваныя ў магчымасцях канвертавання рублёў у юані і далейшым пераводзе валюты за аплату тавараў. Нястача юаняў адбілася і на рынку РЭПО, у выніку стаўкі даводзілася павышаць для таго, каб прывабіць юані».

Для тых, хто ўважліва сочыць за ўжываннем фінансавых санкцый, такая сітуацыя – не навіна. Вось ужо доўгі час РФ метадычна адразаецца ад магчымасцяў плаціць. Спачатку зачынілі акно праз Турцыю, потым пайшла чарга Індыі і сярэднеазіяцкіх краінаў, цяпер дайшла чарга да Кітая. Вось як у профільных каналах апісваюць механізм дзеяння на прыкладзе Кыргызстана:

«Наўпрост цяпер у Шэратоне ў Бішкеку (сталіца Кыргызстана) сядзяць супрацоўнікі амерыканскага рэгулятара. Маладыя хлопцы ў майках з надпісам "NASA". Іранічна: тыпу высадка дэсанту на зорнай місіі. Яны вывучаюць сітуацыю на месцы і вядуць перамовы з банкамі і мясцовым ЦБ.

З СБП у Кыргызстане працавалі 11 банкаў. За пару месяцаў адключыліся 8 банкаў. Цяпер засталіся тры: Аіл, Керамет, Кампаньён. Яны, верагодна, таксама адключацца. Таму што калі банку даюць выбар: альбо мы вам свіфт адключым, альбо вы адключаецеся ад СБП, выбар відавочны».

Зусім па-іншаму ў гэтым кантэксце гуляе тэма затрымання Дурава. Павел шчыра прызнаецца, што ў асобных кейсах супрацоўнічаў з рознымі спецслужбамі і раней. Але галоўным чыннікам, апроч стандартных абвінавачванняў, можа быць цікавасць да фіятных шлюзаў экасістэмы TON. Сутнасць у тым, што крыптавалюты вы можаце мяняць на іншыя крыптавалюты ў якім заўгодна аб'ёме. Рэгуляцыя крыптавалютаў на гэты момант адбываецца праз цвёрды кантроль абмену іх на фіятныя грошы. Напрыклад, самы папулярны стэйблкойн у свеце USDT адкрыта супрацоўнічае з ФБР і можа ў любы момант замарозіць любы гаманец. Адпаведна USDT не падыходзіць для трансмежавых плацяжоў у расейскім кейсе. Патрэбная манета з добрай ліквіднасцю, і такой манетай мог бы стаць TON. Адной з прычынаў ваяжу Дурава па краінах Сярэдняй Азіі была якраз цікавасць да іх банкаўскай сістэмы для падлучэння плацяжоў. Ці стане TON такім сродкам цяпер, пасля затрымання Дурава? Пытанне рытарычнае.

Працуюць сістэмна. Калі вы едзеце ў Беларусь з Літвы і літоўскія мытнікі пачынаюць лічыць купюры еўраў у вас у гаманцы – гэта водгалас гэтай сістэмнай працы. Каб вазіць валізкі кэшу для разлікаў, патрэбен кэш фізічна. Таму і плынь кэшу абсякаюць таксама, курачка дзяўбе па зярнятку.

Калі СССР скалапсаваў праз нястачу валюты, то цяпер стаўка робіцца на калапс плацяжоў. Валюта будзе, але не будзе ніякай магчымасці набыць за яе крытычны імпарт. Калі кітайскі імпарт паспяхова замясціў у адчувальных пазіцыях еўрапейскі імпарт, то што замесціць імпарт кітайскі, калі за яго немагчыма будзе плаціць? Можаце таксама трошкі пра «брудны юань», у вас расплюшчацца вочы, наколькі Кітай гуляе сваю гульню. Няхітра: выбар паміж гандлем на 1,8 трлн даляраў (ЗША + ЕЗ) і 200 млрд даляраў (РФ) відавочна будзе стратэгічна ляжаць на карысць першага, якія б мудрагелістыя дэкларацыі пра вечнае сяброўства ні гучалі б з трыбунаў.

А дзе тут Беларусь? Гэта вельмі цікавае пытанне. Некаторыя беларускія банкі да гэтага часу маюць магчымасць праводзіць плацяжы ў Еўропу. Імпарт ідзе, няхай і з санкцыйнымі абмежаваннямі. Магчымасць плаціць з Беларусі = магчымасць плаціць з Расеі. Ці разумее гэта фінансавая выведка ЗША? Не можа не разумець.

Мяркуючы з сістэмнасці працы, пытанне фармату стасункаў з Беларуссю – гэта пытанне часу. Рана ці позна на стол у Менску ляжа прапанова вызначыцца, па які бок «фінансавага плоту» знаходзіцца Беларусь і астатнія банкі (няма сумневаў у тым, пад чыім рэальным кантролем яны знаходзяцца, незалежна ад фармальнага складу акцыянераў). Абедзве альтэрнатывы ў цяперашніх умовах будуць вельмі балючыя. Калі ўмоўны Кыргызстан ці Казахстан маюць поле для манеўру ў бок ад Крамля, то залежнасць цяперашніх менскіх уладаў ад Крамля блізкая да крытычнага ўзроўню. Альтэрнатыва – тануць разам з Масквой, апераджальнымі тэмпамі (праз несувымерны запас трываласці эканомік).

Telegram-канал «Рэфлексія і рэакцыя»

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках