Што вядома пра выбухі «шахедаў» над Гомелем
8- 7.09.2024, 18:07
- 25,298
Журналісты аднавілі поўную карціну падзей.
Пры масаваным паветраным нападзе Расеі на гарады Украіны 5 верасня ў Гомельскую вобласць Беларусі заляцела не менш за 8 дронаў-камікадзэ тыпу «шахед», і як мінімум два з іх былі знішчаныя, піша «Флагшток».
Паводле звестак маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», першая група з 2 адзінак перасекла мяжу з Беларуссю блізу 01:08 і рухалася курсам на Гомель. У 01:34 і 01:36 ночы СПА РФ спрацавала па шахедах, збіўшы як мінімум адзін з іх – жыхары Гомеля чулі выбухі і бачылі ў небе падзенне «шахеда» ў агні.
Верагодна, па дронах працавала падраздзяленне 1530-га зенітнага ракетнага палка УС РФ, якое дыслакуецца на аэрадроме «Зябраўка».
Вядома, што беспілотнік упаў на цагляны будынак склада ў Гомелі па 8-м завулку Ільіча, у выніку чаго загарэўся склад.
Падчас працы СПА па БПла ў Гомелі не ўключалі сірэны паветранай трывогі. Надалей «шахеды» прадоўжылі заходзіць у паветраную прастору Беларусі: у 02:28, 03:10, 06:47, 06:56 і 07:54. Частка «шахедаў» вярнулася ва Украіну, іншыя ж сыходзілі ўглыб Беларусі курсамі на Мазыр, Хойнікі і Брагін.
Цягам усёй ночы ў небе над Гомельскай вобласцю лёталі знішчальнікі ВПС РБ з Баранавічаў і запускалі ракеты, спрабуючы збіць «шахеды». Блізу 02:30 над Хойніцкім раёнам было чуваць некалькі запускаў ракетаў і відаць траплянне ў «шахед». Астатнія 6 дронаў вярнуліся ва Украіну і/ці прапалі без вестак.
Мясцовыя ўлады і дзяржаўныя СМІ нічога не паведамлялі пра тое, што адбылося аж да з'яўлення бліжэй да 10 раніцы заявы Мінабароны на гэтую тэму. Ва ўстанове пацвердзілі факт парушэння мяжы Беларусі ў паветранай прасторы «меркавана, беспілотнымі лётнымі апаратамі», паведаміўшы, што «была прынятая пастанова на іх знішчэнне».
Пры гэтым у Мінабароны не назвалі дроны расейскімі, не сказалі, што яны прыляцелі з боку Украіны і не назвалі лакацыю, адзначыўшы толькі, што «паводле гэтага факта праводзіцца праверка».
Толькі да 12-й пра надзвычайнае здарэнне з загараннем склада праз аскепкі БПЛА, які ўпаў у Гомелі, паведаміла МНС.
Праз дзень іншай афіцыйнай інфармацыі пра здарэнне не з'явілася. Прапаганда таксама пакуль не выступала на гэтую тэму, толькі некалькі спікераў расплывіста гаварылі пра «правакацыі, якія прадаўжаюцца» з боку Украіны.
Мінабароны выкарыстала інцыдэнт для прасоўвання наратыву пра «надзейную абарону» мяжы, заяўляла, што нібыта «беларусы пакідаюць тысячы каментароў у падзяку беларускім вайскоўцам, якія збілі БПЛА».
Усяго за апошнія 2 месяцы ў Гомельскую вобласць заляталі больш за 20 расейскіх Shahed-131/136 – да гэтага часу гэтыя факты ні разу не прызнаваліся на афіцыйным узроўні. Калі б 5 верасня беспілотнікі збівалі над менш урбанізаванай тэрыторыяй, відавочна, што афіцыйнай рэакцыі не было б і цяпер.