Лукашэнка такога не чакаў
32- Валер Карбалевіч
- 8.09.2024, 17:45
- 70,570
Небяспека прыйшла адтуль, адкуль яе ніхто не чакаў.
З пачаткам вайны Расеі супраць Украіны Беларусь была ўцягнутая ў гэтую авантуру. З Гомельскай вобласьці расейскія войскі наступалі на Кіеў. З тэрыторыі Беларусі ўзьляталі расейскія вайсковыя самалёты, РФ абстрэльвала розныя аб’екты ва Ўкраіне.
Аднак ужо ў красавіку 2022 году расейцы былі вымушаны адвесьці свае войскі ад Кіева. З кастрычніка 2022 году спыніліся абстрэлы Ўкраіны зь беларускай тэрыторыі. Праз пэўны час у Беларусі засталося, паводле розных ацэнак, толькі каля 1-2 тысяч расейскіх вайскоўцаў.
Гэтая сытуацыя дала падставу беларускаму кіраўніцтва пэўным чынам адмежавацца ад вайны. Быў адмыслова створаны адпаведны прапагандысцкі канструкт. Маўляў, Беларусь ня ўдзельнічае ў вайне. Хоць ворагі імкнуцца ўцягнуць краіну ў вайну, але дзякуючы мудрай палітыцы Аляксандра Лукашэнкі Беларусь застаецца выспай міру, спакою, бясьпекі.
Тэзіс, што Лукашэнка — гарант міру, зьбіраюцца зрабіць галоўным піяраўскім слоганам падчас будучай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.
Але апошнім часам нешта пайшло ня так. Стала зьяўляцца інфармацыя, што некаторыя ракеты і бесьпілётнікі, якія Расея запускае супраць Украіны, пралятаюць праз паветраную прастору Беларусі. Вось, напрыклад, паводле ўкраінскага маніторынгавага праекту War monitor, 4 верасьня расейская гіпэргукавая ракета «Кінжал», якая ўдарыла па Львове (загінулі чатыры чалавекі), перад тым праляцела прыкладна 100 кілямэтраў над тэрыторыяй Брагінскага і Нараўлянскага раёнаў Гомельскай вобласці.
Потым сталі зьяўляцца супярэчлівыя зьвесткі і наконт бесьпілётнікаў. 10 жніўня Лукашэнка заявіў, нібыта над тэрыторыяй Беларусі зьявіліся ўкраінскія паветраныя цэлі, частку якіх зьбілі. Украінскі бок гэта абверг. Паводле маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», ніякіх дронаў з тэрыторыі Ўкраіны выяўлена не было, як не было ніякіх запускаў ракет зь беларускіх самалётаў і верталётаў.
Адначасова зь сярэдзіны ліпеня расейскія бесьпілётнікі сталі рэгулярна зьяўляцца ў паветранай прасторы Беларусі. Пра тое, што прылёт сюды гэтых дронаў ня быў узгоднены зь беларускімі вайскоўцамі, сьведчыць факт: беларуская авіяцыя пачала іх зьнішчаць. Першы раз гэта адбылося 29 жніўня. Спачатку беларускія ўлады ніяк гэтага не камэнтавалі.
Але тое, што адбылося ў ноч з 4 на 5 верасьня, нельга было схаваць. На тэрыторыю Беларусі заляцелі ажно 8 расейскіх «Шахедаў». Два зь іх былі зьбітыя: рэшткі ўпалі на Гомель, у выніку чаго здарыўся пажар.
Міністэрства абароны было вымушана неяк камэнтаваць гэты інцыдэнт. Атрымалася даволі нязграбна. Маўляў, нейкія бесьпілётнікі парушылі паветраную прастору Беларусі і былі зьбітыя. Чые гэтыя дроны? Адкуль яны прыляцелі? Няма адказу.
Калі ў пачатку жніўня заляцелі нібыта ўкраінскія бесьпілётнікі, было шмат інфармацыйна-дыпляматычнага шуму. З заявамі выступілі Лукашэнка, Міністэрства абароны, МЗС, прапагандысты, да ўкраінскай мяжы перасунулі дадатковыя войскі. Калі год таму польскі верталёт нібыта перасек паветраную прастору Беларусі, то Польшчы была заяўлена нота пратэста.
А цяпер на другі па велічыні горад Беларусі (Гомель) падаюць рэшткі дрона, а рэакцыя няўцямная. Улады ўсяляк хаваюць, што размова ідзе менавіта пра расейскія «Шахеды».
Забаўна чытаць, як прапагандыст Аляксандар Шпакоўскі аб’яўляе залёт гэтых расейскіх дронаў украінскай правакацыяй, а дзяржсакратар «саюзнай дзяржавы» Дзьмітрый Мезенцаў называе гэта правакацыяй ЗША. Атрымліваецца, што амэрыканцы кіруюць расейскімі бесьпілётнікамі?
Сытуацыя для беларускіх уладаў непрыемная зь дзьвюх прычынаў. Па-першае разбураецца ідэалягічны перадвыбарны канструкт, што Беларусь нібыта ня ўдзельнічае ў вайне, а Лукашэнка — гарант міру.
Дроны над тэрыяторяй Беларусі пачалі зьяўляцца рэгулярна і, мяркуючы па ўсім, працэс ідзе па нарастальнай. І гэта ж не бяскрыўдныя бесьпілётнікі нейкіх аматараў. Размова ідзе пра даволі вялікія вайсковыя «Шахеды», як можна меркаваць, нагружаныя выбухоўкай ды іншым вайсковым рыштункам. Даводзіцца пэрыядычна паднімаць у неба самалёты, зьнішчаць гэтыя паветраныя цэлі. Значыць, вайна прыйшла сюды, і Лукашэнка нічога ня можа гарантаваць.
Другі момант. Небясьпека прыйшла адтуль, адкуль яе ніхто не чакаў — з Расеі. Колькі было ляманту пра пагрозы з боку NATO, Польшчы, Літвы, Украіны. Маўляў, там канцэнтруюцца войскі, рыхтуюцца напасьці на мірную Беларусь. А цяпер высьвятляецца, што «Шахеды» прыляцелі ад саюзьніка. Галоўны хаўрусьнік як асноўная пагроза! І як дайшлі да такога жыцьця?
Таму Лукашэнка маўчыць, ніяк не камэнтуе гэтай сытуацыі з дронамі. Магчыма, і сам да канца не разумее, што адбываецца.
Валер Карбалевіч «Радыё Свабода»