8 верасня 2024, Нядзеля, 12:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Politico распавяла, як пачалася справа Паўла Дурава

5
Politico распавяла, як пачалася справа Паўла Дурава

У Францыі ордэр на арышт заснавальніка Telegram выдалі ажно 25 сакавіка.

Расследаванне ў дачыненні да заснавальніка Telegram Паўла Дурава пачалося пасля таго, як кіраўніцтва мэсэнджара не адказала на запыт французскіх уладаў паводле справы аб сэксуалізаваным гвалце ў дачыненні да дзяцей.

Пра гэта паведаміла еўрапейская версія выдання Politico ў публікацыі пад загалоўкам «Паляванне на Паўла Дурава».

Журналісты даведаліся пра гэта з юрыдычнага дакумента, які апынуўся ў распараджэнні рэдакцыі. Згодна з гэтым дакументам, расследаванне, якое прывяло да затрымання Дурава, пачалося ў Нацыянальным офісе абароны непаўналетніх (OFMIN), у падраздзяленні французскай паліцыі, створаным у лістападзе 2023 года.

Следчыя знайшлі ў сацсетках спасылкі на групы Telegram, удзельнікі якіх абменьваюцца паведамленнямі аб сэксуалізаваным гвалце. У сацсетцы X кожную гадзіну публікуюць дзясяткі такіх спасылак, адзначае Politico.

Старонкі, якія распаўсюджваюць спасылкі на Telegram, існуюць ад некалькіх гадзін да некалькіх дзён. Часта паведамленні са спасылкамі змяшчаюць такія хаштэгі, як «Teens» («падлеткі») і «MegaLinks» (адсылка да файлаабменніка Mega).

Падчас таемнай аперацыі OFMIN агент пад прыкрыццём звязаўся ў Telegram з чалавекам, які падазраецца ў сэксуалізаваным гвалце. У перапісцы падазраваны прызнаўся, што звязваўся з непаўналетнімі дзяўчынкамі на гульнявой анлайн-платформе і пераконваў іх даслаць «самастойна вырабленую дзіцячую парнаграфію», гаворыцца ў дакуменце, на які спасылаецца Politico.

Падазраваны таксама прызнаўся, што згвалтаваў адну дзяўчынку. Калі следчыя звярнуліся да Telegram з просьбай раскрыць асобу чалавека, які прызнаўся ў згвалтаванні, адміністрацыя мэсэнджара адказала адмовай, гаворыцца ў дакуменце.

Праз гэта следчыя звярнулі ўвагу на кіраўнікоў Telegram. Паводле інфармацыі выдання, на запыт пракуратуры Парыжа 8 лютага 2024 г. OFMIN пачаў папярэдняе расследаванне ў дачыненні да заснавальнікаў Telegram Паўла Дурава і яго брата Мікалая.

Пракуратура Парыжа 1 сакавіка папрасіла падраздзяленне паліцыі ў барацьбе з кіберзлачыннасцю сабраць інфармацыю аб усіх цяперашніх расследаваннях злачынстваў, звязаных з Telegram.

У той жа час следчыя OFMIN пачалі ўстанаўліваць месцазнаходжанне братоў Дуравых і віцэ-прэзідэнта Telegram Іллі Перакопскага, які таксама фігураваў у справе. Як гаворыцца ў юрыдычным дакуменце, 25 сакавіка ўлады Францыі выдалі ордэр на арышт братоў Дуравых, пры гэтым, як адзначае Politico, незразумела, ці пачала паліцыя шукаць Перакопскага.

Паводле інфармацыі газеты Liberation, толькі Нацыянальная жандармерыя Францыі накіравала ў Telegram 2460 запытаў, якія засталіся без адказу. Неназваны французскі чыноўнік з сістэмы правасуддзя сказаў Politico, што гэта арыентыровачныя звесткі, але не вычарпальныя.

Пра тое, што Telegram не адказвае на запыты, таксама заявілі партнёры Францыі ў Еўразвязе, напрыклад, Бельгія, паведамілі ў парыжскай пракуратуры.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках