Украіна вынайшла ўласную высокадакладную плануючую бомбу
3- 8.09.2024, 15:01
- 7,894
Ёй будуць біць па тэрыторыі Расеі.
Украіна распрацавала высокадакладную плануючую бомбу, якая можа стаць «ключавой зброяй» для ўдараў па расейскіх вайсковых аб'ектах, паведамляе Forbes.
Прататып набоя патрапіў на відэа, знятае нядаўна экіпажам украінскага знішчальніка падчас выпрабаванняў. Паводле інфармацыі выдання, бомба абсталяваная ракетным паскаральнікам, высоўнымі крыламі і GPS-сістэмай, а далёкасць яе палёту можа дасягаць прыкладна 65 кіламетраў.
Калі Украіна наладзіць серыйную вытворчасць гэтых бомбаў, яна зможа наносіць удары па тэрыторыі Расеі з той жа частатой, з якой УС РФ абстрэльваюць Украіну аналагічнымі набоямі, зазначае Forbes. Новая бомба папоўніць пералік боепрыпасаў, якія вырабляюцца ва Украіне, такіх як крылатая ракета «Нептун», дрон-ракета «Паляніца» і мноства дальнабойных ударных беспілотнікаў.
На фоне абмежаваных паставак зброі ад Захаду і забарон на яе выкарыстанне ўглыб расейскай тэрыторыі Украіна актыўна развівае вытворчасць уласных набояў. Так, 24 жніўня УСУ паспяхова выпрабавалі дальнабойную ракету-дрон «Паляніца» з далёкасцю палёту 700 кіламетраў. Міністр абароны Украіны Рустэм Умераў паведаміў, што гэтую ракету плануецца выкарыстоўваць для ўдараў па Расеі.