У Менску правядуць «сакрэтны» кірмаш вакансій
7- 9.09.2024, 16:39
- 10,682
Для «асаблівага кантынгенту».
У Менску захоўваецца дэфіцыт кадраў. Так, на 9 верасня ў сталіцы не стае амаль 37,7 тысяч работнікаў. Столькі прапаноў ад наймальнікаў размешчана ў агульнарэспубліканскім банку вакансій. На гэтым фоне менскія сацслужбы правядуць двухдзённы «сакрэтны» кірмаш вакансій, заўважыла «Зеркало».
Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі паведаміла, што ў Менску службы занятасці плануюць правесці двухдзённы кірмаш вакансій - 10 і 11 верасня. Як анансуецца, будзе прапанавана больш за 200 працоўных месцаў.
«Міні-кірмаш разлічаны на асаблівы кантынгент людзей, якія не могуць на роўных канкурыраваць з іншымі работнікамі на рынку працы», - паведамляюць афіцыйныя прафсаюзы.
Аднак на сайце камітэта працы, занятасці і сацабароны насельніцтва пры Мінгарвыканкаме на момант выхаду гэтага тэксту не была размешчаная інфармацыя аб запланаваных кірмашах вакансій найбліжэйшыя два дні.
У службе занятасці ўдакладнілі, што сярод наймальнікаў, якія будуць шукаць на кірмашах работнікаў, - «Прыёрлайф», Мінсктранс, «Будмаш». Пры гэтым наведаць іх могуць усе ахвочыя.