Над Украінай заўважылі пасажырскі самалёт з Беларусі?
12- 1.01.2025, 20:08
- 35,212
Магчыма, рэч у збоі парталу Flightradar24.
У небе над Украінай прадаўжаюць фіксаваць загадкавыя пасажырскія самалёты. Без дзіўных інцыдэнтаў не абышлося і ў навагоднюю ноч.
Пра гэта сведчаць звесткі парталу Flightradar24. Ягоныя сістэмы зафіксавалі самалёт Embraer E195LR беларускай авіякампаніі «Белавія», які выконваў рэйс Тбілісі – Менск, піша «Тэлеграф».
У ноч на 1 студзеня лётны апарат з бартавым нумарам B2736 нібыта парушыў паветраную прастору Украіны ў раёне часова акупаванай Луганскай вобласці і даляцеў амаль да Данецкай.
Пасля гэтага самалёт рэзка змяніў курс на ўсход і вылецеў з Украіны.
Варта нагадаць, што такія дзіўныя «палёты» над Украінай маніторынгавыя сайты фіксуюць даволі часта. Верагодна, яны звязаныя са збоямі ў працы навігацыйнай сістэмы ці самога сэрвісу для адсочвання авіяруху. Некаторыя эксперты звязвалі такія анамаліі з працай расейскіх сістэмаў РЭБ.