Экс-кіраўнік Нацбанка перанёс дзве сур'ёзныя аперацыі
4- 1.01.2025, 21:03
- 12,070
Яны звязаныя з анкалогіяй.
Экс-кіраўніку Нацбанка Беларусі, паслядоўнаму крытыку дзейнага рэжыму Станіславу Багданкевічу 1 студзеня споўнілася 88 гадоў. Ён расказаў «Кулуарам», што летась ляжаў у шпіталі пасля дзвюх аперацый у онказахворванні, і паразважаў пра сітуацыю ў эканоміцы.
Паводле словаў Багданкевіча, у 2024 годзе ён перанёс дзве аперацыі ў сувязі з «анкалогіяй».
– Былі дзве сур'ёзныя аперацыі, ляжаў у лякарні. Як быццам усё прайшло нармальна, але некаторыя ўскладненні пасля аперацыі былі. <…> Агульная слабасць яшчэ часам накрывае, але ўжо лепей. Схуднеў моцна. Цяпер пачаў патроху набіраць вагу, – расказаў ён.
Аперавалі былога старшыню Нацбанка ў лютым – сакавіку 2024 года ў гарадскім онкадыспансеры, захворванне ж знайшлі ў лечкамісіі.
Акрамя таго, Багданкевіч чакае аперацыю на зрок:
– Хутка аперацыю на воку будуць рабіць. У мяне глаўкома ўжо дзясяткі гадоў. Адно вока даўно асела, а ў другім хочуць сёе-тое падправіць. На 9 студзеня прызначылі аперацыю. <…> Спадзяюся, левае вока мне паправяць. Правы, кажуць лекары, таксама можна было б зрабіць, але там у мяне глаўкома, сятчатка паляцела…
Таксама ён выказаўся наконт сітуацыі ў беларускай эканоміцы:
– Мы фактычна знаходзімся на ўтрыманні ў Расейскай Федэрацыі. Добра гэта ці дрэнна? Я мяркуе, што дрэнна. А Лукашэнка – што добра. На маю думку, мы маглі б быць самастойнай краінай, як тая ж Фінляндыя, Швэцыя. Хіба мы менш таленавітыя? Няўжо мы другога гатунку народ? Беларусы шмат што могуць. Мы маглі б і інфармацыйныя тэхналогіі развіваць – у нас шмат добрых праграмістаў, многія з якіх, праўда, ужо павыязджалі, – дадаў ён.