The Telegraph: Пуцін не перажыве яшчэ адзін год, падобны да 2024-га
19- 2.01.2025, 21:15
- 22,408
Мінулы год стаў катастрофай для войска і эканомікі Расеі.
Вайна ва Украіне стала ганебнай няўдачай для Уладзіміра Пуціна. Не здолеўшы дасягнуць мэты заваяваць свайго значна меншага суседа, ён нанёс вялізныя пакуты ўласнай краіне і разбурыў яе эканоміку.
Расея атрымала толькі абмежаванае тэрытарыяльнае дасягненне і не змагла захапіць нават усю Данецкую вобласць на ўсходзе. Леташні грандыёзны наступ з мэтай стварэння буфернай зоны пад Харкавам для абароны расейскай тэрыторыі дазволіў захапіць усяго некалькі кіламетраў уздоўж мяжы. Ракетныя атакі, накіраваныя на тое, каб пагрузіць Украіну ў амаль пастаянны холад і цемру, відавочна праваліліся, піша ваенны экспэрт і афіцэр брытанскага войска ў адстаўцы Рычард Кэмп у калонцы для The Telegraph.
Экспэрт падкрэслівае, што Пуцін страціў кантроль над часткамі Курскай вобласці ў выніку першага з часоў Другой сусветнай вайны ўварвання ўкраінскіх войскаў на расейскую тэрыторыю і не змог вярнуць яго, нягледзячы на тое, што задзейнічаў Паўночную Карэю як саюзніка ў канфлікце.
Расхваленая Пуціным супрацьпаветраная абарона была няздольнай спыніць украінскія ўдары па аэрадромах, нафтабазах і складах боепрыпасаў на тэрыторыі Расеі. Нават у Маскву праніклі ўкраінскія беспілотнікі мясцовай вытворчасці з выбуховымі прыстасаваннямі.
«Расейскі ваенна-марскі флот таксама быў прыніжаны, страціўшы кантроль над Чорным морам і не ў стане спыніць украінскі экспарт збожжа. Каля 15 яго караблёў былі патопленыя марскімі беспілотнікамі, яшчэ больш пашкоджаныя, а астатні флот быў вымушаны адступіць з Крымскай паўвыспы і ад берагоў Украіны», - піша Кэмп.
Акрамя таго, насуперак мары Пуціна аб адраджэнні расейскай імперыі, ён рызыкуе ператварыць краіну ў залежную ад кітайцаў. Заходнія санкцыі ўжо зрабілі Расею больш залежнай ад Кітая ў плане эканамічнай падтрымкі і гандлю, чым раней. З пагаршэннем эканамічнага становішча Масквы гандлёвая няроўнасць будзе толькі паглыбляцца.
У той жа час Кэмп мяркуе, што, нягледзячы на няўдачы Расеі, не варта дапускаць памылкі, лічачы, што Украіна і Захад блізкія да перамогі ў гэтай вайне.