The Telegraph: КНДР адправіць Расеі больш за 100 артсістэм, прызначаных для знішчэння Сеула
4- 28.01.2025, 10:19
- 9,650
![The Telegraph: КНДР адправіць Расеі больш за 100 артсістэм, прызначаных для знішчэння Сеула](https://i.c97.org/ai/627726/aux-head-1738048787-20250128_kokasn_360.jpg)
Тэхніка, са звестак аналітыкаў, ужо знаходзіцца ў дарозе.
Паўночная Карэя плануе перадаць Расеі больш за 100 артылерыйскіх сістэм для выкарыстання на фронце. Гэтыя сістэмы першапачаткова ствараліся для знішчэння войск Паўднёвай Карэі, піша The Telegraph.
170-мм гаўбіцы M1989 Koksan, адна з самых дальнабойных артылерыйскіх сістэм у свеце, вядомыя як «гарматы чучхе», былі распрацаваныя для абстрэлаў сталіцы Паўднёвай Карэі ў выпадку вайсковага канфлікту.
Начальнік ваеннай выведкі Украіны Кірыл Буданаў паведаміў, што Пхеньян рыхтуецца падвоіць колькасць артылерыйскіх сістэм, якія ўжо былі перакінутыя ў памежны Курскі раён. Новыя пастаўкі чакаюцца на фоне паведамленняў аб перагрупоўцы паўночнакарэйскіх войскаў, якія былі выведзеныя з лініі фронту для аднаўлення, тады як неўзабаве мяркуецца разгортванне дадатковых сіл.
Са слоў генерала Буданава, за апошнія тры месяцы Кім Чэн Ын перадаў Расеі сама меней 120 артылерыйскіх сістэм M1989 Koksan, а таксама 120 рэактыўных сістэм залпавага агню M1991. У размове з выданнем The Warzone ён адзначыў, што Пхеньян рыхтуе новую партыю тэхнікі, якая, паводле звестак аналітыкаў, ужо знаходзіцца ў дарозе.
M1989 Koksan – гэта самаходная ўстаноўка вагой 40 тон, якая ўпершыню была прэзентаваная на вайсковым парадзе ў 1989 годзе. Стандартныя набоі гэтых гармат дазваляюць знішчаць цэлі на адлегласці больш за 40 км. Буданаў адзначыў, што паўночнакарэйскія інструктары навучаюць расейскіх вайскоўцаў працаваць з гэтай зброяй, якая ўжо выкарыстоўваецца ў баявых умовах.
У канцы снежня была зафіксаваная перавозка цягніком не менш як 10 гаўбіц M1989 Koksan у Расею. Да 7 студзеня гэтыя ўстаноўкі, магчыма, прыбылі ў Курскую вобласць, дзе іх заўважылі на полі бою. На адным з відэа паўночнакарэйскі салдат назваў артылерыйскую сістэму "падарункам" ад Кіма для сваіх вайскоўцаў за мяжой.
Баявы патэнцыял КНДР
Паўночная Карэя валодае значнымі запасамі артылерыі і боепрыпасаў, якія гістарычна назапашваліся для магчмага канфлікту з Паўднёвай Карэяй. У канцы кастрычніка КНДР адправіла 11 000 вайскоўцаў у Расею, каб падтрымаць яе войскі ў прымежным Курскам раёне пасля жнівеньскага ўкраінскага ўварвання.
Аб'яднаны камітэт начальнікаў штабоў Паўднёвай Карэі паведаміў, што Пхеньян рыхтуецца да далейшай перакідкі войскаў у Расею. Са звестак амерыканскіх афіцыйных асоб, новыя падмацаванні могуць прыбыць на працягу двух месяцаў.
Нягледзячы на падпісанне пагаднення аб «узаемнай ваеннай дапамозе» паміж Масквой і Пхеньянам летась у чэрвені, абодва бакі публічна адмаўляюць непасрэдны ўдзел паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у вайне. У той жа час украінскі бок паведаміў аб захопе двух паўночнакарэйскіх ваеннапалонных.
Са слоў прадстаўніка Сіл спецыяльных аперацый Украіны, паўночнакарэйскія войскі часова адступілі з шэрагу пазіцый, магчыма, для перагрупоўкі пасля значных страт. Камандзір з пазыўным «Пульс» выказаў здагадку, што гэтыя падраздзяленні спрабуюць перагледзець свае тактыкі, даглядаюць параненых або чакаюць падмацавання.
«Я думаю, што яны хутка вернуцца», - адзначыў камандзір, падкрэсліваючы высокую матывацыю паўночнакарэйскіх салдат, нягледзячы на іх вялікія страты. У той жа час ён дадаў, што гэтыя войскі з'яўляюцца лёгкай мішэнню з-за нізкай падрыхтоўкі да сучаснай вайны і іх тактыкі, падобнай да той, што выкарыстоўвалася падчас Другой сусветнай вайны.
Са звестак заходніх крыніц, у вайне Расеі супраць Украіны было забіта блізу 1000 паўночнакарэйскіх салдат і паранена яшчэ 3000.