13 лютага 2025, Чацвер, 1:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея не можа дамовіцца пра захаванне вайсковых базаў у Сірыі

5
Расея не можа дамовіцца пра захаванне вайсковых базаў у Сірыі

Перамовы зайшлі ў тупік.

Новыя сірыйскія ўлады не хочуць мірыцца з расейскай ваеннай прысутнасцю, і пераканаць іх у Масквы не атрымліваецца. На перамовы ў Дамаск упершыню пасля краху рэжыму Башара Асада прыляцела расейская дэлегацыя. Але ў Масквы ўплывовы спаборнік: захавання базаў не хоча Турцыя, яна падтрымлівала паўстанцаў, якія зрынулі дыктатара.

Расеі не ўдаецца дамовіцца пра захаванне базаў, расказаў Bloomberg чалавек у Маскве, знаёмы з сітуацыяй. Паводле ягоных словаў, перамовы з новым урадам Сірыі зайшлі ў тупік. Дзейнасць Расеі на авіябазе ў Хмейміме была абмежаваная, а два транспартныя караблі чакалі некалькі тыдняў, перш чым ім дазволілі прычаліць у Тартусе, каб вывезці вайсковую тэхніку, расказаў суразмоўца агенцтва.

Турцыя, якая падтрымала паўстанцаў, выступае супраць захавання вайсковай прысутнасці Расеі ў Сірыі. Вельмі сумнеўна, што новыя ўлады дазволяць Расеі застацца на базах пасля таго, як яе вайсковыя самалёты наносілі ўдары па апазіцыйных сілах падчас грамадзянскай вайны, сказалі Bloomberg два высокапастаўленыя турэцкія чыноўнікі.

Уладзімір Пуцін падтрымаў Асада войскамі і дапамог яму не пацярпець паразы ў той вайне, якая пачалася пасля «арабскай вясны». Гэтага ўдалося дамагчыся ў тым ліку за кошт масаваных бамбаванняў расейскім войскам тых сірыйскіх гарадоў, што знаходзіліся пад кантролем апазіцыі (падобная тактыка цяпер выкарыстоўваецца ва Украіне). Калі ў канцы лістапада 2024 г. узброеныя паўстанцы пачалі нечаканае прасоўванне з правінцыі Ідліб да Алепа, а потым да Дамаска, расейскія самалёты спачатку таксама наносілі па іх удары.

Апазіцыйным сілам спатрэбілася паўтара тыдня, каб дайсці да Дамаска і скінуць рэжым Асада.

У аўторак у Дамаск прыбыла расейская дэлегацыя, у якую ўваходзяць намеснік міністра замежных справаў Міхаіл Багданаў і спецпрадстаўнік прэзідэнта РФ у Сірыі Аляксандр Лаўрэнцьеў, паведаміў ТАСС. Гэта першы візіт расейскіх афіцыйных асобаў у Дамаск пасля таго, як у снежні Асад «пакінуў пасаду прэзідэнта Сірыі», напісала дзяржагенцтва.

Два расейскія транспартныя караблі, «Спарта» і «Спарта II», некалькі тыдняў дрэйфавалі каля базы ў Тартусе, але ў апошнія дні змаглі зайсці ў порт. Гэта адбылося пасля таго, як дырэктар Тартускай мытні Рыяд Джудзі паведаміў, што новыя ўлады Сірыі разарвалі дамову з «Будтрансгазам» пра інвестыцыі ў порт ад 2019 г. (яна была складзеная на 49 гадоў; на такі самы тэрмін была арандаваная база).

«Спарта II» сышоў з порта, разам з ім з прычалаў знікла значная частка звезеных туды кантэйнераў і вайсковай тэхнікі, сведчаць спадарожнікавыя здымкі. «Пасля скасавання 49-гадовай дамовы арэнды для Расеі стала цалкам ясна, што яна больш не можа спадзявацца на захаванне вайсковай прысутнасці ў Тартусе, і таму, падобна, няма сэнсу больш заставацца там і адкладаць эвакуацыю», – сказаў «Бі-бі-сі» ваенна-марскі аналітык Фрэдэрык Ван Локерэн.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках