5 студзеня 2025, Нядзеля, 11:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямеччына прыпыніла пагадненне з Беларуссю аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання

Нямеччына прыпыніла пагадненне з Беларуссю аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання

Гэта адказ на дзеянні Менска.

Федэральны ўрад Нямеччыны праінфармаваў Беларусь аб прыпыненні з 1 студзеня 2025 года дзеяння пагаднення аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання ў дачыненні да падаткаў на даходы і маёмасць. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства фінансаў ФРГ, паведамляе «Позірк».

Ведамства звярнула ўвагу на той факт, што 1 чэрвеня 2024 года Менск прыпыніў "дзеянне асобных пунктаў" гэтага пагаднення.

“Рэспубліка Беларусь не выканала патрабаванне ўрада Нямеччыны аб аднаўленні дзеяння гэтых пунктаў, - гаворыцца ў паведамленні. - Урад Нямеччыны разглядае гэта як істотнае парушэнне пагаднення ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй аб праве міжнародных дамоў. Калі Рэспубліка Беларусь скасуе частковае прыпыненне дзеяння пагаднення, урад Нямеччыны разгледзіць магчымасць скасавання поўнага прыпынення пагаднення».

Згаданае пагадненне было падпісанае 30 верасня 2005 года і набыло моц 31 снежня 2006-га. Гэтым дакументам бакі замацавалі жаданне "садзейнічаць развіццю ўзаемных эканамічных сувязей шляхам ліквідацыі падатковых перашкод".

У Нямеччыне дзеянне пагаднення распаўсюджвалася, напрыклад, на падаходны падатак (Einkommensteuer), падатак з карпарацый (Korperschaftsteuer), падатак на капітал (Vermogensteuer) і прамысловы падатак (Gewerbesteuer), у Беларусі - на падатак на даходы і прыбытак, падаходны падатак з фізічных , падатак на нерухомасць і зямельны падатак.

Нагадаем, Беларусь з 1 чэрвеня 2024 года прыпыніла выкананне некаторых міжнародных дамоў аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання (яны дазваляюць пазбягаць сітуацыі, калі адны і тыя ж даходы падпадаюць пад падаткі ў дзвюх розных краінах). Тэрмін дзеяння гэтай пастановы Менска - да 31 снежня 2026 года.

Пад абмежаванні патрапілі тры пункты - аб дывідэндах, аб адсотках і аб даходах ад адчужэння маёмасці. У спіс краін, з якімі прыпыняецца выкананне некаторых пунктаў міжнародных дамоў, увайшлі ў тым ліку ЗША, Францыя, Данія, Польшча, Швэцыя, Бэльгія, Літва, Латвія, Нідэрланды, Чэхія, Нямеччына, Вялікабрытанія. Усяго - 27 краін.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках