ГУВ: У Расеі вызначыліся, куды перакінуць тэхніку з Сірыі
6- 3.01.2025, 17:12
- 22,930
Украінская выведка раскрыла дэталі.
Расейская Федэрацыя (РФ) плануе перакінуць частку вайсковай тэхнікі з Сірыі ў Лібію з дапамогай грузавых караблёў Sparta і Sparta II.
Пра гэта паведамляе Telegram-канал Галоўнай управы выведкі (ГУВ) Міністэрства абароны Украіны.
Як піша выведка, расейцы чакаюць свае ваенныя караблі ў сірыйскім горадзе Тартус для вывазу вайсковай тэхнікі, а таксама ўзбраення. Таксама там знаходзяцца найміты падкантрольнага Міністэрству абароны Расеі "Афрыканскага корпуса".
5 студзеня ў сірыйскі порт плануюць прыбыць вялікія дэсантныя караблі краіны-акупанта «Іван Грэн» і «Аляксандр Атракоўскі», а таксама сухагрузнае судна Sparta. Цяпер усе караблі знаходзяцца на пераходзе ў Тартус у акваторыі Міжземнага мора.
«8 студзеня 2025 года ў Тартус плануюць зайсці яшчэ два расейскія судны - універсальнае грузавое судна Sparta II і танкер «Іван Скобелеў», якія зараз маюць намер перасекчы Гібралтарскі праліў. Грузавыя караблі Sparta і Sparta II расейцы плануюць прыцягнуць для перавозкі вайсковай тэхнікі і ўзбраенняў з Сірыі ў Лібію», - дадае выведка.
Яшчэ адзін карабель РФ са складу аператыўнага злучэння Ваенна-марскіх сіл (ВМС) Расеі ў Міжземным моры – фрэгат «Адмірал Галаўко» – праходзіць дазапраўку.
У Расеі ўжо тым часам разгрузілі на адным з аэрадромаў ва Уладзімірскай вобласці эвакуаваныя бронетранспарцёры.