Delfi: На беларускай мяжы затрыманы літовец, які выдаваў сябе за мільянера
6- 3.01.2025, 15:57
- 4,984
Ён падазраецца ў буйных афёрах на радзіме.
Беларускія памежнікі затрымалі грамадзяніна Літвы, які спрабаваў уехаць на тэрыторыю Беларусі, паказаўшы чужы пашпарт. Са звестак Delfi, гэты літовец - Ігнас Ёмантас, які праславіўся рознымі афёрамі. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 2 год.
Беларускія памежнікі 29 снежня паведамілі пра затрыманне грамадзяніна Літвы, які на мяжы паказаў чужы пашпарт.
«У аўтобусе Вільня-Менск, у якім ехаў мужчына і паказаў чужы пашпарт. Затрыманы сказаў, што з'яўляецца грамадзянінам Літвы, але не можа пакінуць яе тэрыторыю пад сваім імем, таму пазычыў пашпарт у сябра», - гаварылася ў паведамленні ДПК.
Мужчыну затрымалі ў Беларусі. Распачатае расследаванне, за парушэнне падазраванаму пагражае штраф сумай 4000 рублёў. За выкарыстанне чужога дакумента яго чакае крымінальная адказнасць і пазбаўленне волі на тэрмін да 2 гадоў.
Са звестак Delfi, затрыманы — падазраваны ў буйным махлярстве і іншых злачынствах, раней неаднаразова судзімы Ігнас Ёмантас. Цяпер у Літве яму прызначана некалькі мераў стрымання, у тым ліку забарона на выезд з краіны.
«У пракуратуры ёсць інфармацыя аб тым, што падазраваны парушыў меру стрымання і паехаў у Беларусь. Звязаныя з гэтым абставіны ўдакладняюцца», - паведаміла прадстаўніца літоўскай пракуратуры Рыта Стундэне.
Са слоў прадстаўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы Гедруса Мішуціса, беларусы інфармавалі літоўскіх памежнікаў аб тым, што быў затрыманы грамадзянін Літвы, але пакуль пра асобу затрыманага казаць рана — «нельга слепа давяраць інфармацыі суседзяў».
«У сувязі з атрыманай інфармацыяй акалічнасці ўдакладняюцца. Мы глядзім, як здзяйснялі перасячэнне мяжы. Аб асобах мы дакладна не можам казаць », - заўважыў прадстаўнік СОДМ. Літоўскія памежнікі пакуль не атрымлівалі інфармацыю ад калегаў аб намерах вярнуць падазраванага на радзіму.
Міністэрства замежных спраў Літвы паведаміла, што амбасада ў Беларусі паінфармаваная аб затрыманні літоўскага грамадзяніна.
«Калі спатрэбіцца, падазраванаму дадуць неабходную консульскую дапамогу, - указалі ў знешнепалітычным ведамстве. - МЗС Літвы настойліва рэкамендуе грамадзянам Літвы не ездзіць у Беларусь, а тым, хто там знаходзіцца - неадкладна пакінуць яе тэрыторыю».
Адвакат Ёмантаса Аляксандр Вішнеўскі сказаў Delfi, што нічога не ведае пра затрыманне свайго кліента ў Беларусі, таму нічога каментаваць не можа.
Раней Літоўскае бюро крымінальнай паліцыі (ЛБКП) правяло ўважлівае расследаванне і, верагодна, раскрыла схему злачынных дзеянняў у сферы будаўнічага бізнэсу, выявіла злачынную групоўку, якая нажывалася за кошт дзяржавы і жыхароў Літвы.
Са звестак Delfi, лідар групоўкі - Ігнас Ёмантас, які называе сябе мільянерам. Падазраюць, што з 2019 года групоўка стварыла схему, дзякуючы якой пазбягала выплаты падаткаў у сферы рэнавацыі старых будынкаў: ведамствам давалі фальшывыя звесткі аб дзейнасці кампаній, а кампаніі не плацілі ПДВ і падатак на прыбытак. Паводле падлікаў, дзяржбюджэт Літвы недаатрымаў больш за 1,2 млн еўраў.
Паводле версіі следства, разам з іншымі чальцамі групоўкі Ёмантас купляў вялікія старыя будаўнічыя аб'екты. Атрымліваў на іх рамонт неабходныя дазволы, афармляў правядзенне капітальнага рамонту, змяняў прызначэнне аб'ектаў, выконваў розныя рамонтныя працы: абнаўляў праводку, падлучаў вадаправод, усталёўваў ліфты, змяняў вокны, прыводзіў у парадак фасад і г.д.
Пазней аб'екты дзялілі на асобныя жылыя памяшканні (для адпачынку ці на кватэры) і прадавалі. Пакупнікі такіх «кватэр» падпісвалі асобныя дамовы аб рамонце і будаўніцтве з невядомым ім падрадчыкам - кампаніямі, якія, як падазраюць, удзельнічалі ў дзейнасці групоўкі.
Расследаванне было распачатае восенню 2023 года, ім кіруе Генпракуратура Літвы, а ажыццяўляе расследаванне ЛБКП.