Беларуска на просьбу знаёмай спрабавала завезці ў Польшчу калекцыйныя манеты
4- 3.01.2025, 16:36
- 7,154
Супраць яе распачалі крымінальную справу.
Польскія мытнікі знайшлі ў багажы беларускі 84 калекцыйныя манеты. Жанчына спрабавала завезці іх у Польшчу праз пункт пропуску "Тэрэспаль". Пра здарэнне расказалі ў мытнай службе Люблінскага ваяводства, піша MOST.
Жанчына сцвярджала, што манеты належаць не ёй, а ейнай знаёмай, якая папрасіла перавезці іх у Італію. І каштуе калекцыя, паводле ейных слоў, усяго 200 даляраў.
Мытнікі перадалі манеты ацэншчыку - ён вызначыць іх рэальны кошт.
Супраць беларускі распачалі крымінальную справу паводле факту кантрабанды.
Нацыянальная падатковая адміністрацыя, у склад якой уваходзіць мытнае ведамства, нагадала, што для ўвозу ў Польшчу культурных каштоўнасцей і прадметаў калекцыйнага характару не патрэбны спецыяльныя дакументы або дазволы. Аднак калі ўвоз ажыццяўляецца з-за межаў ЕЗ, падарожнік абавязаны задэклараваць такія тавары на мытні для допуску да абароту або іншай мытнай працэдуры, а таксама аплаціць мыту, калі яна прадугледжаная.