7 студзеня 2025, aўторак, 2:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ізраіль апублікаваў дэталі знішчэння ракетнага завода Асада

Ізраіль апублікаваў дэталі знішчэння ракетнага завода Асада

Элітнае падраздзяленне прарвалася ў падземны комплекс і адышло цэлым.

У верасні 2024 года элітнае падраздзяленне вайскова-паветраных сіл Ізраіля прарвалася ў Сірыі ў падземны завод па вытворчасці ракет, заклала выбухоўку і адышло цэлым. Гэта была адна з самых смелых і складаных на сёння аперацый ізраільскага войска.

Аб гэтым піша Times of Israel.

Аперацыя адбылася 8 верасня з удзелам 120 спецназаўцаў, якія зладзілі рэйд углыб Сірыі. Датуль Башар Асад усё яшчэ знаходзіўся ва ўладзе, а Ізраіль яшчэ не пачаў сваю кампанію супраць Хезбалы ў Лібане.

Падземны ракетны завод пад кодавай назвай Deep Layer быў размешчаны на глыбіні 70-130 метраў у Масьяфе. Гэта больш чым за 200 кіламетраў на поўнач ад ізраільскай мяжы і прыкладна за 45 кіламетраў ад заходняга ўзбярэжжа Сірыі. Ізраіль заявіў, што меў выведвальную інфармацыю аб аб'екце з моманту пачатку будаўніцтва ў 2017 годзе.

Ідэя яго знішчэння ўзнікла некалькі гадоў таму, але паскорылася пасля пачатку вайны паміж Ізраілем і ХАМАС. Завод выкарыстоўваўся іранскімі сіламі для вытворчасці высокадакладных ракет для Хезбалы ў Лібане і для рэжыму Асада ў Сірыі.

Аб'ект быў пабудаваны ў форме падковы з адным уваходам на схіле гары для сыравіны і выхадам побач для гатовых ракет. Трэці ўваход, які прымыкаў да гэтых двух, выкарыстоўваўся для лагістыкі і доступу да офісаў унутры ўстановы. Офісная частка таксама злучаная з вытворчай часткай усярэдзіне.

Уздоўж "падковы" было не менш за 16 памяшканняў, у якіх размяшчалася вытворчая лінія для ракет.

Аб'ект яшчэ не быў цалкам актыўны, калі Ізраіль пачаў сваю аперацыю, але, са слоў вайскоўцаў, быў на фінальнай стадыі абвяшчэння яго гатовым Іранам. Сама меней дзве ракеты былі паспяхова вырабленыя ў рамках выпрабаванняў, а ракетныя рухавікі ўжо вырабляліся масава.

Планавалася вытворчасць ад 100 да 300 ракет на год, у тым ліку ракеты вялікай далёкасці да 300 км, высокадакладных ракет з далёкасцю да 130 км і малой далёкасці да 40-70 км.

Для адпраўкі ізраільскіх вайскоўцаў на аб'ект выкарыстоўваліся верталёты. У той жа час знішчальнікі і беспілотнікі наносілі ўдары для адцягвання ўвагі. Верталёты ляцелі незвычайна нізка, каб пазбегнуць сірыйскіх радараў і сістэм СПА, здольных выяўляць і збіваць самалёты.

Пасля таго, як ізраільскія вайскоўцы высадзіліся на аб'екце і ліквідавалі амаль 30 ахоўнікаў і сірыйскіх салдат, яны трапілі ў залы і заклалі там блізу 300 кілаграмаў выбухоўкі, далучылі яе да дыстанцыйнага дэтанатара і эвакуяваліся.

Салдаты, якія бралі ўдзел у аперацыі, распавялі, што падземны выбух быў не толькі бачным, але і адчувальным, як «мініземлятрус».

Са слоў ізраільскіх вайскоўцаў, сотні сірыйскіх салдат дабраліся да аб'екта прыкладна праз гадзіну пасля таго, як спецназаўцы яго пакінулі.

Салдаты таксама захапілі некаторыя выведвальныя дакументы на аб'екце, якія, са слоў вайскоўцаў, пацвярджаюць іх ацэнку таго, што аб'ект быў амаль гатовы.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках