7 студзеня 2025, aўторак, 2:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанская выведка патлумачыла, як ЗША абрынулі расейскі рубель

4
Брытанская выведка патлумачыла, як ЗША абрынулі расейскі рубель

Дысбалансы ў эканоміцы РФ будуць толькі ўзмацняцца.

Санкцыі ЗША супраць «Газпрамбанка» ўвосень 2024 года прывялі да падзення рубля. Дысбалансы ў эканоміцы РФ будуць толькі ўзмацняцца.

Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі ў X (Twitter).

Як адзначаецца ў справаздачы, Цэнтральны банк Расеі (ЦБ РФ) 20 снежня 2024 г. пастанавіў захаваць адсоткавыя стаўкі на ўзроўні 21%, што стала адыходам ад нядаўняга падыходу да барацьбы з інфляцыяй. На сваім апошнім пасяджэнні ў кастрычніку 2024 года ЦБ РФ падвысіў адсоткавыя стаўкі з 19 да 21%, што з'яўляецца самай высокай стаўкай з пачатку вайны ў 2022 годзе.

Паводле інфармацыі брытанскай выведкі, крытыка высокіх адсоткавых ставак расце сярод расейскага бізнэсу. Аднак інфляцыйны ціск таксама, імаверна, узмацняецца, збольшага праз нядаўняе абясцэньванне рубля.

У лістападзе 2024 года рубель абясцэніўся да самага нізкага ўзроўню да даляра з моманту ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе (114 за даляр).

«Падзенне кошту рубля амаль напэўна было выкліканае абвяшчэннем аб санкцыях у дачыненні да «Газпрамбанка», за якім рушыла ўслед публікацыя эканамічнай статыстыкі, якая паказвае на перагрэў расейскай эканомікі», - гаворыцца ў паведамленні.

У адказ ЦБ РФ абвясціў, што спыніць куплю замежнай валюты да 2025 года. Аднак курс рубля заставаўся вышэйшым за 100 за даляр да 20 снежня 2024 года, што прывяло да шырокіх чаканняў рынку наконт чарговага падвышэння адсоткавай стаўкі.

«Пастанова ЦБ РФ утрымліваць адсоткавыя стаўкі на цяперашнім узроўні, магчыма, узмоцніць дысбалансы ў эканоміцы праз інфляцыйныя наступствы абясцэньвання, недахопу працоўнай сілы і высокіх дзяржаўных выдаткаў», – адзначаюць у Мінабароны Брытаніі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках