Беларусы зараз могуць падаваць анлайн-заяўкі на нацыянальную візу ў Нямеччыну
11- 3.01.2025, 18:29
- 7,720
Адпаведную платформу запусціла МЗС ФРГ.
Падаць заяўку на доўгатэрміновую нацыянальную візу ў Нямеччыну зараз можна анлайн. Адпаведную платформу для электроннай падачы заявак запусціла МЗС ФРГ, паведамляе DW.
Анлайн-заяўку можна падаць як на студэнцкую, так і на працоўную візу, Blaue Karte, Chancenkarte і іншыя тыпы доўгатэрміновых віз.
Паслуга стала даступнай з 1 студзеня. Ёй можна скарыстацца ў 167 прадстаўніцтвах Нямеччыны па ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі.
Пры гэтым анлайн-заяўка недаступная, напрыклад, у такіх краінах, як Расея, Украіна, Казахстан, Грузія, Таджыкістан.
Кіраўніца нямецкага МЗС Аналена Бербак мяркуе, што такое новаўвядзенне дасць магчымасць прыцягнуць у Нямеччыну кваліфікаваных спецыялістаў з усяго свету. З яе слоў, цяпер Нямеччына не можа сабе дазволіць, "каб працяглае афармленне дакументаў у адпаведнасці з правіламі і яшчэ больш працяглае чаканне перашкаджала найлепшым людзям працаваць у нашай краіне".