Навагодні цуд: На надзеле беларуса ў студзені зацвіла ружа
4- 3.01.2025, 21:30
- 4,322
Фотафакт.
Мяккая і бясснежная зіма адбілася на навакольнай прыродзе. Здаецца, некаторыя расліны ўявілі, што да вясны ўжо зусім трошачкі, і пачалі абуджацца. Інакш як растлумачыць такія паводзіны вось гэтай ружы на прысядзібным надзеле чытача «Анлайнера» Паўла?
– Фатаграфію зрабіў у пятніцу на лецішчы ў вёсцы Тарасава ў Менскім раёне, – кажа Павел. – Прыехаў аглядаць свае ўладанні і тут заўважыў, што вырас вось такі цуд. Думаю, калі такое надвор'е захаваецца, то праз тыдзень ружа распусціцца. Падобнае бачу ўпершыню.
– Можа, вы яе восенню дадаткова падкормлівалі?
– Увогуле ніяк яе не падкормлівалі. Гэтую ружу суседзі ўвогуле хацелі выкінуць, а мая жонка яе ўкараніла, пасадзіла прыкладна 1,5–2 гады таму.
Гэта не першы выпадак, калі так позна квітнее ружа. У лістападзе падобнае бачылі ў звычайным двары ў Гародні.
– Гэта не анамалія. У апошні час падобнае сустракаецца ўсё часцей, – расказала куратарка калекцыі ружаў Таццяна Ніканавіч. – Расліна, магчыма, атрымала позні падкорм азотам (карміць ім не варта ўжо ў жніўні) і своечасова не змагла скончыць сваю вегетацыю. Таму ў лістападзе яна яшчэ поўная сілаў і аддае іх на красаванне. Да таго ж пакуль не было моцных маразоў, і расліна, як трэба, не адчула стрэс, не прыйшла ў зімовы спакой і заквітнела. Такая з’ява можа здарацца. У нас шмат кустоў, і некаторыя ружы даводзіцца абразаць яшчэ расквітнелымі, таму што яны не збіраюцца адцвітаць.
Дарэчы, у студзені прачынаюцца не толькі ружы. Вось такую фатаграфію расліны з набраклымі пупышкамі ў пятніцу апублікаваў партал Newgrodno.