У Прыднястроўі тэрмінова ўводзяць веерныя адключэнні электрычнасці
18- 3.01.2025, 21:44
- 7,006
Жыхары спажываюць больш электрычнасці, чым вырабляе энэргасістэма.
Улады непрызнанага Прыднястроўя ўводзяць веерныя адключэнні электраэнэргіі пасля таго, як РФ спыніла пастаўкі газу ў рэгіён і там пачаліся аварыйныя адключэнні электрасетак, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Так званае міністэрства эканамічнага развіцця непрызнанай «ПМР» заявіла, што адключэнні стартуюць 3 студзеня, і яны звязаныя з тым, што жыхары спажываюць больш электрычнасці, чым вырабляе энэргасістэма.
Установа апублікавала графік адключэнняў на гадзіну ўвечары 3 студзеня ў галоўных гарадах – Ціраспалі, Рыбніцы, Бэндэрах – і ў шэрагу сёлаў.
Жыхароў папярэдзілі, што ў сувязі з даўжынёю тэхналагічнага працэсу час адключэння і ўключэння электраэнэргіі можа быць павялічаны да 30 хвілінаў.
Раней стала вядома, што ў непрызнаным Прыднястроўі пачаліся аварыйныя адключэнні электрасетак праз рост нагрузкі на іх. Спажыванне электраэнэргіі насельніцтвам вырасла ў 1,5–2 разы і пачалі перагараць засцерагальнікі.
З 1 студзеня непрызнаны рэгіён перастаў атрымліваць расейскі газ, газ знік у дзясяткаў тысячаў побытавых спажыўцоў і спынілася праца мясцовай прамысловасці.
Улады Прыднястроўя заклікалі жыхароў развязваць праблему з дапамогай электраабагравальнікаў, паколькі электрычнасць пакуль з'яўляецца даступным рэсурсам – Днястроўскі ДРЭС прадаўжае працаваць на запасах мазуту і вугалю.
Паводле прагнозаў, іх павінна хапіць да канца зімы, але з рэзкім «скачком» спажывання электраэнэргіі для кампенсацыі адсутнага газу і з надыходам халадоў яны могуць вычарпацца значна хутчэй.