Некаторым беларусам стала прасцей узяць шлюб у Польшчы
- 3.01.2025, 21:48
- 2,956
Не трэба ездзіць у загс па даведку.
З 1 студзеня 2025 года ў Беларусі пачалі дзеянне змяненні ў Кодэкс аб шлюбе і сям'і. Некаторыя з іх датычацца рэгістрацыі шлюбаў за мяжой – цяпер беларусам, якія стала жывуць за мяжой, для гэтага не трэба атрымліваць даведку ў загсе, адзначае Most.
У Польшчы, каб узяць шлюб, іншаземцу неабходны дакумент, які пацвярджае, што асоба можа ўзяць шлюб. Да 1 студзеня 2025 года для беларусаў такім дакументам была даведка, якую неабходна было атрымліваць у беларускім загсе асабіста альбо праз даверанасць, аформленую ў Беларусі. Адзінае выйсце, якое дазваляла абысці гэты пункт, – звярнуцца ў польскі суд з заявай аб вызваленні ад такога дакумента з прычыны немагчымасці ягонага атрымання.
Згодна з новаўвядзеннямі, якія пачалі дзеянне з 1 студзеня, для грамадзянаў Беларусі, якія стала жывуць за мяжой, дакументам, які пацвярджае адсутнасць перашкодаў да заключэння шлюбу, стала заява гэтага грамадзяніна. Сапраўднасць ягонага подпісу павінна быць засведчаная натарыусам або службовай асобай, якой у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі дадзенае права здзяйсняць натарыяльныя дзеянні.
У гэтай заяве павінна быць указана, што на момант яе падачы заяўнік у шлюбе не знаходзіцца і ніколі не быў. А калі быў, то трэба ўказаць, што шлюб спынены (з указаннем падставы і даты спынення). Для пацверджання, што шлюб спынены, могуць прымацоўвацца пасведчанне аб скасаванні шлюбу, пастанова суда аб скасаванні шлюбу, якая пачала законнае дзеянне, або пасведчанне аб смерці мужа.
Згодна з указам нумар 278 «Аб парадку выдачы дакументаў і ўчынення дзеянняў», у пералік натарыяльных дзеянняў, якія могуць прапаноўваць дыпламатычныя і консульскія ўстановы, уваходзіць у тым ліку і сведчанне вернасці подпісаў на дакументах. Таму можна меркаваць, што заявы, якія пацвярджаюць, што асоба можа ўзяць шлюб, можна будзе афармляць у консульствах.