Топ-5 фільмаў для прагляду ў першыя дні Новага года
- 3.01.2025, 21:56
- 3,486
Адзін з іх называецца «Цуд на 34-й вуліцы».
Адзін з самых яркіх момантаў на калядна-навагоднія святы – супольны прагляд тэматычных фільмаў з роднымі. У топе заўсёды застаецца «Адзін дома» і «Як Грынч скраў Каляды». Гэтыя фільмы напоўненыя яркасцю, смехам і святочным настроем. А якія кінастужкі паглядзець яшчэ?
«Новы канал» падрыхтаваў падборку навагодніх фільмаў для ўсёй сям'і:
«Цуд на 34-й вуліцы» (1994)
Напярэдадні Калядаў Санту запрашаюць папрацаваць у вялікім нью-ёркскім супермаркеце самім сабой. Аднак уладальнікі суседніх крамаў робяць усё, каб пазбавіцца ад старога. Цікава, чым скончыцца ўся навагодняя задума?
«Рэальнае каханне» (2003)
Сюжэт складаецца з дзевяці гісторый, якія развіваюцца паралельна. Кульмінацыя ўсіх сюжэтаў прыпадае на Каляды, калі дзеянне фільма мудрагелістым чынам пераплятае паміж сабой усіх персанажаў. Асноўны сэнс і асноўная фраза фільма: «Насамрэч каханне ёсць паўсюль».
«Бясконцыя Каляды» (2006)
Малады кампазітар, аўтар калядных песенек, змушаны святкаваць Каляды ў кампаніі былой жонкі, яе бацькоў і сына-падлетка. І тут высвятляецца, што ён пражывае святочны дзень зноў і зноў. Герою давядзецца сур'ёзна паламаць галаву, каб паставіць сваё жыццё на нармальны лад.
«Эльф» (2003)
Гэтая навагодняя карціна раскажа пра хлопчыка з дзіцячага дома Бадзі Гобса, які выпадкова залез у мяшок Санта-Клауса, а той яго не заўважыў і забраў на Паўночны полюс. Там Бадзі выхаваў эльф, але калі хлопчык вырас, то надумаў знайсці свайго роднага тату. Зрэшты, бацьку быў абыякавы сын. Але Бадзі пазнаёміўся з малодшым братам, мачахай і прыгожай дзяўчынай. Яны пачулі ягоную гісторыю пра Санта-Клауса і надумалі дапамагчы іншым дзецям паверыць у навагоднія цуды.
«Моцны арэшак» (1988)
Другая самая папулярная серыя добрых калядных фільмаў – «Моцны арэшак» з Брусам Уілісам. Афіцэр нью-ёркскай паліцыі Джон Маклейн прылятае ў Лос-Анджэлес, каб сустрэцца з жонкай Голі, якая працуе юрысткай у карпарацыі «Накатомі».
Пакуль Джон пераапранаецца да каляднай вечарынкі ў Накатомі-Плазе, ягоную жонку і ўсіх працаўнікоў карпарацыі бярэ ў закладнікі банда Ганса Грубера. Спецназ чакае звонку, не маючы магчымасці патрапіць у будынак. Тады Маклейн як упарты партызан уласнаручна ліквідуе злачынцаў, перамагае Грубера, мірыцца з жонкай і ратуе Каляды.