У Гародні заўважылі першага матыля
3- 31.01.2025, 12:08
- 1,854

Анамальна цёплае надвор'е выклікала збоі ў звыклых прыродных механізмах.
Гэты студзень сапраўды ўвойдзе ў кліматычную гісторыю. Паводле статыстыкі ён павінен быць самым халодным месяцам зімы, але напраўду ўсё выйшла інакш. Студзень 2025 года надумаў перапісаць усе тэмпературныя рэкорды са знакам "плюс", піша newgrodno.by.
У Гародні ў апошнюю дэкаду месяца ўстанавілася надвор'е, якое больш падыходзіць, напрыклад, да красавіка. Нядзіўна, што гэта выклікала збоі ў звыклых прыродных механізмах. Заўважылі ў Гародні і першыя кветкі, і пупышкі на дрэвах... А яшчэ прачнуліся першыя матылькі!
Адну такую прыгажуню знялі на праспекце Янкі Купалы. Відаць, што матылёк яшчэ не зусім прыйшоў у сябе пасля зімовай спячкі. Ён выглядае млявым, а магчыма і здзіўлена: усё ж такі сон быў вельмі кароткім.
Летась, дарэчы, першых матылькоў заўважылі на месяц пазней. У самым канцы лютага яны пырхалі недзе ў Пышках.