Выбухі пад Смаленскам: Атакаванае ракетнае прадпрыемства «Авангард»
3- 4.01.2025, 9:26
- 14,062
Дронавы ўдар быў нанесены па горадзе Сафонава.
У Смаленскай вобласці (РФ) гэтай ноччу, 4 студзеня, працавалі сілы і сродкі супрацьпаветранай абароны праз фіксацыю беспілотнікаў. У рэгіёне раздаваліся выбухі.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на губернатара Смаленскай вобласці Васіля Анохіна і Telegram-каналы.
Паводле словаў расейскага чыноўніка ў заяве раніцай, нібыта дзякуючы працы СПА ў цэлым цягам гэтай ночы былі збітыя 5 беспілотнікаў.
Смаленскі губернатар таксама сцвярджае, што «на зямлі пацярпелых і разбурэнняў няма».
Адзначым, што перад гэтым, яшчэ блізу поўначы, ён расказваў, што на тэрыторыі Сафонаўскага і Яршыцкага раёнаў была «спыненая атака 2 БПЛА УСУ».
Разам з тым у сетцы з'явіліся публікацыі, што дронавы ўдар быў па горадзе Сафонава.
Таксама ў Telegram-канале Exilenova+ гучыць здагадка, што мэтай магло быць прадпрыемства АТ «Авангард», якое ўваходзіць у склад аднаго з буйных расейскіх ракетабудаўнічых холдынгаў АТ ВПК «НВА машынабудавання» і ў АТ «Карпарацыя "Тактычнае ракетнае ўзбраенне"».
Што вядома пра прадпрыемства ААТ «Авангард»
Паводле звестак з адкрытых крыніцаў, асноўнай прадукцыяй гэтага прадпрыемства называюць транспартна-пускавыя кантэйнеры і карпусы рухавікоў цвёрдапаліўных ракетаў, а таксама элементы брані і супрацьрадыяцыйнай абароны для бронятэхнікі.
Наменклатура АТ «Авангард» у Сафонава, сярод іншага, уключае карпусы ракетных рухавікоў цвёрдага паліва.
Увогуле Сафонаўскі завод пластмасаў быў створаны ў 1959 годзе і з 1998 года знаходзіцца ў распараджэнні расейскага Федэральнага касмічнага агенцтва, а ў 2008 годзе пераўтвораны ў ААТ «Авангард».