The Times: Зяленскі хоча зачараваць Трампа
5- 4.01.2025, 16:29
- 2,826
Абраны прэзідэнт ЗША яшчэ не вызначыўся са стратэгіяй па Украіне.
Пакуль абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп рыхтуецца да ўступлення на пасаду, Украіна з усіх сіл спрабуе яго "зачараваць" і паказаць яму, што ўгода з Расеяй абыдзецца Амерыцы дорага ў доўгатэрміновай перспектыве.
Як піша The Times, паводле закону, вядомага як Акт Логана, будучыя адміністрацыі не могуць весці палітыку з замежнымі партнёрамі. Аднак сярод украінскіх чыноўнікаў існуе меркаванне, што каманда Трампа ўсё яшчэ знаходзіцца ў працэсе абмеркавання сваёй стратэгіі, і Украіна робіць усё магчымае, каб паўплываць на гэты працэс.
Так, ужо некалькі тыдняў давераныя асобы прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага адпраўляюцца ўгаворваць асяроддзе Дональда Трампа ў Вашынгтоне. Пры гэтым некаторыя ініцыятывы аказаліся даволі нечаканымі, адзначае выданне. Між іншым, старшыня камітэта ў замежных справах Рады Аляксандр Мярэжка вылучыў Трампа на Нобелеўскую прэмію міру.
На думку Мярэжка, Трамп - "прагматык, а не дагматык", і яго можна прыцягнуць на бок Украіны, калі пераканаць яго ў тым, што ўгода з Пуціным у канчатковым выніку абыдзецца ЗША даражэй у доўгатэрміновай перспектыве.
Акрамя таго, Зяленскі прапанаваў ЗША сумесныя інвестыцыі ў распрацоўку прыродных рэсурсаў Украіны ў рамках свайго плана перамогі.
"Аднак Расея дагэтуль не паказвае ніякіх прыкмет таго, што гатова абмяркоўваць якія-небудзь мірныя пагадненні, акрамя тых, якія прадугледжваюць поўную капітуляцыю Украіны. Задача новай адміністрацыі заключаецца не толькі ў тым, каб стаць пасярэднікам у заключэнні перамір'я, але і ў тым, каб прымусіць Пуціна сесці за стол перамоў", - піша The Times.
У той жа час расейская эканоміка выглядае ўсё больш праблемнай, і стымул, створаны рэзкім ростам вайсковай вытворчасці, слабее. Улічваючы гэта, санкцыі ЗША могуць паслужыць матывацыяй, неабходнай для таго, каб прымусіць Расею сур'ёзна пачаць перамовы, кажа былы міністр абароны Украіны Андрэй Загараднюк.