Найбуйнейшая авіякампанія Сербіі скасавала рэйсы ў расейскія гарады
- 4.01.2025, 18:19
- 3,506
З Бялграда зараз не патрапіш у Казань і Сочы.
Авіякампанія Air Serbia з канца студзеня спыняе выкананне рэйсаў з Бялграда ў расейскія гарады Казань і Сочы. Пра гэта паведамляе Асацыяцыя тураператараў Расеі (АТАР) са спасылкай на звесткі сістэмы бранавання авіяперавозчыка. Апошні рэйс у Казань запланаваны на 18 студзеня, у Сочы - на 20 студзеня.
Пры гэтым афіцыйных каментароў аб скасаванні рэйсаў найбуйнейшая сербская авіякампанія пакуль не дала. Рэйсы ў Маскву і Санкт-Пецярбург застаюцца даступнымі для бранавання.
Рашэнне Air Serbia супала з серыяй аналагічных захадаў іншых авіякампаній пасля трагедыі з самалётам Embraer 190 авіякампаніі Azerbaijan Airlines (AZAL, "Азербайджанскія авіялініі"), які разбіўся непадалёк ад казахстанскага Актау 25 снежня. Так, рэйсы ў расейскія гарады раней скасавалі "Азербайджанскія авіялініі", казахстанская Qazaq Air, ізраільская El Al, арабская Flydubai і "Туркменскія авіялініі".
Адразу пасля катастрофы самалёта крыніцы Euronews і Reuters ва ўрадзе Азербайджана паведамілі, што прычынай катастрофы стала расейская зенітная ракета, выпушчаная падчас адбіцця атакі беспілотнікаў над Грозным. Боепрыпас узарваўся побач з самалётам, пашкодзіўшы яго ашалёўку. Экіпаж запытаў экстранную пасадку, аднак ніводзін расейскі аэрапорт не даў дазволу на пасадку. У выніку самалёт накіраваўся праз Каспійскае мора ў Актаў.