У Беларусі на продаж выставілі тры «авіятаксі»
10- 4.01.2025, 19:35
- 9,614
Кошт стартуе ад $113 тысяч.
У Беларусі выставілі на продаж адразу тры самалёты класа «авіятаксі» Іл-103, піша тэлеграм-канал «АдВінта» | Авіяцыя Беларус».
Гэтыя чатырохмясцовыя (1 пілот + 3 пасажыры) лёгкаматорнікі належаць МНС Беларусі і былі выпушчаны ў 2000 годзе. Раней яны выкарыстоўваліся РУП «Беллесавія» для супрацьпажарнага патрулявання лясоў. Цяпер жа гэтую задачу ўсё больш ускладаюць на БЛА.
Самалёты працяглы час знаходзяцца на захоўванні і не ляталі ўжо амаль 10 гадоў. З 14 чэрвеня 2015 года, пасля катастрофы Іл-103 пад Берасцям, эксплуатацыя гэтага тыпу ў Беларусі была прыпыненая. У 2021 годзе камісія Мінтранса заключыла, што трагедыя здарылася праз перагрэў рухавіка самалёта і падзення яго магутнасці.
Кошт за кожны планёр з рухавіком стартуе ад 393 755,56 рубля (каля 113 360 долараў па курсе). Лоты зараз знаходзяцца на аэрадроме «Ліпкі» пад Менскам. Таргі пройдуць 31 студзеня.