Шэсць чалавек загінулі ў Беларусі за дзень ад пажараў
5- 5.01.2025, 13:29
- 2,976
Падрабязнасці ад МНС.
4 студзеня ў Беларусі адбылося 30 надзвычайных сітуацый тэхнагеннага характару. Як паведамляе Міністэрства надзвычайных сітуацый, ад агню загінулі шэсць чалавек, яшчэ адзін атрымаў сур'ёзныя апёкі.
У вёсцы Бярозаўцы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці ад агню пажару загінулі двое мужчын 1963 і 1982 гадоў нараджэння. Яшчэ адзін чалавек быў шпіталізаваны з прыкметамі атручэння прадуктамі гарэння.
61-гадовы мужчына загінуў у выніку пажару ў Пінску. Яго 56-гадовую сястру ўдалося выратаваць, яна ў шпіталі. Прычыны пажару і гібелі ўстанаўліваюцца.
У Браславе на пажары ў кватэры аднапавярховага жылога дома загінуў мужчына 1977 года нараджэння. Работнікамі МНС выратавана яго 67-гадовая маці, якая з атручэннем прадуктамі гарэння шпіталізаваная.
Жанчына 1942 года нараджэння загінула пры пажары ў жылым доме ў вёсцы Коласаўцы Пухавіцкага раёна Менскай вобласці. Ратавальнікі высвятляюць прычыны ўзгарання.
У вёсцы Дубнавічах Берасцейскай вобласці таксама загарэўся жылы дом - загінуў мужчына 1973 года нараджэння.
У ноч з 4 на 5 студзеня блізу гадзіны ночы ў Менску загарэлася кватэра на сёмым паверсе дзявяціпавярховага жылога дома. Пацярпелага мужчыну 1971 года нараджэння ўдалося выратаваць. Ён шпіталізаваны з апёкамі 1-4 ступені (81% цела). Прычына пажару - неасцярожнасць пры паленні.
Акрамя шасці загінулых і аднаго параненага, у выніку 30 надзвычайных сітуацый тэхнагеннага характару, якія здарыліся 4 студзеня, былі знішчаныя два будынкі і столькі ж адзінак тэхнікі, паведамілі ў МНС.