Праваабаронцы: У 2024-м годзе рэпрэсіі супраць беларусаў павялічыліся
1- 5.01.2025, 16:13
- 3,840
Адбылося не менш за 5 890 судоў паводле палітычных адміністрацыйных артыкулаў.
Мінулы год для Беларусі быў яшчэ больш рэпрэсіўным, чым папярэднія два гады, піша «Вясна».
Рэйды па структурах салідарнасці, хвалі масавых затрыманняў у маленькіх гарадах, звальненні з буйных прадпрыемстваў з палітычных матываў, затрыманні былых палітвязняў і тых, хто вяртаўся ў Беларусь з-за мяжы, - тое, чым вызначыўся 2024.
Са звестак «Вясны», з рознымі відамі рэпрэсій (затрыманні, допыты, ператрусы) летась сутыкнуліся не менш за 8 895 чалавек. Чвэрць рэпрэсаваных - жанчыны.
У 2024 годзе па ўсёй Беларусі адбылося не менш як 5890 судоў паводле палітычных адміністрацыйных артыкулаў. Гэта амаль на 2000 судовых працэсаў больш, чым у 2023 годзе.
У большасці выпадкаў беларусаў судзілі за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КоАП). Але пасля масавага рэйду КДБ па структурах салідарнасці ў студзені 2024 года сваякоў і блізкіх палітвязняў пачалі судзіць паводле ч. 2 арт. 24.15 КоАП - «выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам».
Гэты артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўваўся.
Тады падставай для пераследу стала дапамога сем'ям палітвязняў з харчовымі перадачамі праз Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».
У выніку больш за 150 чалавек атрымалі вялікі штраф за атрыманне дапамогі праз INeedHelpBY, а таксама мусілі выплаціць кампенсацыю сумы «замежнай» аплаты.