«Наведванне плюс пернік ад Святога Мікалая - 35 рублёў»
10- 6.01.2025, 19:41
- 7,518
Беларусы незадаволены вялізнымі чэргамі ў Белавежскую пушчу і якасцю паслуг.
У вялікія выходныя шмат турыстаў накіравалася ў Белавежскую пушчу, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя беларускага Святога Мікалая. На ўезд у нацыянальны парк утварыліся вялізныя чэргі з легкавых аўтамабіляў - гэта адзначылі нават у Берасцейскім аблвыканкаме. Скардзяцца на чэргі і карыстальнікі сацсетак, кіраўніцтва Белавежскай пушчы крытыкуюць за тое, што экскурсіі ў маёнтак Святога Мікалая праводзяць усяго 3 разы на дзень, а білеты ўжо даўно распрададзеныя, піша выданне BG.Media.
Толькі 4 і 5 студзеня тэрыторыю нацыянальнага парку, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя беларускага Святога Мікалая, наведалі больш за 12 тысяч чалавек, паведамляе неафіцыйны тэлеграм-канал Берасцейскага аблвыканкама.
Відэа з чэргамі з'явіліся і ў сацсетках. Карыстальніца TikTok lenakordeliuk апублікавала ролік аб сітуацыі 5 студзеня. Легкавікі сталі ўздоўж дарогі, якая вядзе ў Белавежскую пушчу. А паркоўка каля самага нацыянальнага парка поўнасцю застаўленая аўтамабілямі і аўтобусамі.
Беларусы ў сацсетках каментуюць такі ажыятаж з наведваннем Белавежскай пушчы і дзеляцца сваім меркаваннем, ці варта шматгадзінная чарга таго, каб убачыць беларускага Святога Мікалая. Журналісты BGmedia сабралі падборку каментароў.
Вось такі крытычны каментар пакінулі пад допісам пра Белавежскую пушчу ў афіцыйным тэлеграм-канале Берасцейскага аблвыканкама:
«Рэкорд, на жаль, не на карысць гасцей Нацпарку (і жыхароў). Расчараванне. Зімой усім цікавая да наведвання рэзідэнцыя Святога Мікалая, куды білет у гэтыя дні не купіць, бо ўсё прададзена задоўга да пачатку экскурсіі. Экскурсія 3 разы на дзень. Чаму? Што значыць “білеты ў рэзідэнцыю СМ усё прададзеныя“? Дык яшчэ Нацпарк не сустракаў гасцей”.
Што да каментароў беларусаў пад відэа ў сацсетках, то некаторыя мяркуюць, што ў Белавежскай пушчы рабіць няма чаго, тым больш калі трэба адстаяць шматгадзінную чаргу, каб патрапіць унутр:
“Няма чаго там рабіць. Наогул нецікава, а грошы дзяруць”.
“Так, грошы грашыма, а ўсюды прастаяць у чарзе па квіткі, паесці няма дзе. У шатры, дзякуй, там жанчына бліны пякла. І ўсё, арганізацыя проста нуль”.
"За такія грошы яны хоць абнавілі там што-небудзь?".
“Мы там былі ўчора [4 студзеня], аўто крыху менш, адстаялі чаргу, аўтобус быў праз 3 гадзіны, чакаць не сталі, да Святога Мікалая не патрапілі, пашпацыравалі па вальерах, схадзілі ў музей — і назад на Менск, паездка ўдалася”.
"Мы паводле вашай схемы, толькі сёння [5 студзеня]".
“Там увогуле няма чаго глядзець. Дзецям можа і цікава, але толькі адзін раз. Больш туды не паедзем”.
“Мы таксама сёння ездзілі… зірнулі на чаргу па квіткі і з'ехалі шпацыраваць па Берасі”.
“Знаходзімся тут з 4 студзеня. Жах. Поўнае расчараванне ва ўсім…”.
“Поўнае расчараванне. Праехалі 400 км у адзін бок”.
“Што, расейцаў адусюль турнулі, дык яны штурмуюць Беларусь?”.
Некаторых беларусаў не задаволіў кошт наведвання Белавежскай пушчы:
“Нам на сям'ю каштавала 215 рублёў. Я гатова была заплаціць, але не гатова была прачакаць 3 гадзіны падвозу да маёнтку”.
“Наведванне + пернік ад Святога Мікалая 35 рублёў!».
“Няма чаго за такія грошы і з такой чаргой там рабіць. Пернік за 35 рублёў з чалавека + паліва”.
“Лахатрон. Кошты настолькі моцна выраслі, а ўсё астатняе, на жаль…”.
“Трызненне, прыехалі да раскладу аўтобуса, пачакалі 30 хвілін, 35 рублёў з чалавека”.
Таксама ў каментарах абмяркоўвалі, што білеты ў маёнтак Святога Мікалая ў Белавежскай пушчы нібыта раскупленыя надоўга наперад:
“Знаёмая сёння сказала, што білеты ў маёнтак Святога Мікалая раскупленыя да 20 студзеня. Праўда ці не?”.
“Хутчэй за ўсё, гэта онлайн-продаж. Па жывой чарзе 100 чалавек сёння прадавалі. Але падвоз трэба было чакаць 3 гадзіны. Магчыма, калі а 10 раніцы прыехаць, то на першым рэйсе аб 11 з'ехаць можна”.
“Дзякуй за відэа. Я планавала ўнукаў звазіць. Не паеду. Цяпер абяру самы працоўны дзень. І няхай усе ў школу пойдуць. Тады дакладна менш будзе”.
“Для дзяцей праграма будзе да 15 студзеня. Пасля проста наведванне. А 8, 9, 10, 13, 14, 15 - 20% зніжка. Так што калі ёсць магчымасць, добра ў гэтыя даты ехаць. Можна інфармацыю на сайце пушчы паглядзець”.
“Напэўна, дорага народу кудысьці далей ехаць на святы, вось пушча чароўная палачка, час прабавіць”.
А некаторыя інтэрнэт-карыстальнікі параўналі чаргу перад Белавежскай пушчай з чаргой на выезд з Берасця ў Польшчу:
"Ужо як на Варшаўцы чарга".