Трамп плануе скасаваць забарону на бурэнне нафты і газу ва ўзбярэжных водах ЗША
47- 6.01.2025, 23:42
- 9,664
Забарона была ўведзеная Байдэнам.
Новаабраны прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Дональд Трамп заявіў, што можа скасаваць пастанову прэзідэнта Джо Байдэна пра забарону на будучую распрацоўку нафты і газу ў прыбярэжных водах Штатаў.
Пра гэта паведамляе CNN.
Дзейны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн на нявызначаны тэрмін заблакаваў распрацоўку рэсурсаў нафты і газу на больш як 625 млн акраў прыбярэжных водаў. Прычына такой забароны заключаецца ў тым, што бурэнне проста «не апраўдвае рызык» і «не патрэбнае» для забеспячэння энэргетычных патрэбаў дзяржавы.
Забарона ўсталяваная на аснове федэральнага закона, які дае прэзідэнтам ЗША права абмяжоўваць тэрыторыі для здабычы нафты без магчымасці скасавання такіх пастановаў. Гэты механізм ужывалі прэзідэнты абедзвюх партый для абароны каралавых рыфаў і марскіх экасістэмаў.
У той самы час у цэнтральнай і заходняй частках Мексіканскага заліва, якія забяспечваюць 14% нацыянальнай здабычы нафты і газу, новыя ліцэнзіі на распрацоўкі пакуль застаюцца магчымымі.
У той самы час Трамп заявіў, што паспрабуе скасаваць пастанову Байдэна аб сталай забароне на будучую распрацоўку нафты і газу на шэльфе ў некаторых частках Атлантычнага і Ціхага акіянаў.
«Я толькі што даведаўся, што Байдэн забараніў любое бурэнне нафты і газу на 625 мільёнах акраў прыбярэжнай тэрыторыі ЗША. Паслухайце, гэта проста смешна. Я неадкладна скасую гэтую забарону», – заявіў Трамп.
Здабыча нафты і газу з'яўляецца ключавым сектарам энэргетыкі ЗША і важнай крыніцай эканамічнага росту. Асноўнымі раёнамі здабычы з'яўляюцца Тэхас, Паўночная Дакота, Нью-Мексіка і федэральныя тэрыторыі Мексіканскага заліва. Дзякуючы развіццю тэхналогій, сярод іншага гідраразрыву пласта (фрыкінгу), ЗША сталі адным з найбуйнейшых вытворцаў нафты і прыроднага газу ў свеце.
Федэральны ўрад ЗША рэгулюе здабычу нафты і газу на дзяржаўных землях і шэльфах праз ліцэнзаванне і кантроль за выкананнем экалагічных нормаў. Аднак пытанне распрацоўкі новых радовішчаў часта становіцца прадметам палітычных спрэчак. Адміністрацыі розных прэзідэнтаў па-рознаму падыходзяць да гэтага пытання: некаторыя з іх пашыраюць доступ да новых тэрыторый для здабычы, у той час як іншыя, наадварот, абмяжоўваюць бурэнне для абароны навакольнага асяроддзя.
У апошнія гады значная ўвага аддаецца памяншэнню залежнасці ад выкапнёвага паліва і пераходу да аднаўляльных крыніцаў энэргіі. Аднак нафта і газ застаюцца важнымі элементамі энэргетычнай палітыкі ЗША, асабліва ў кантэксце энэргетычнай незалежнасці краіны і экспарту энэрганосьбітаў.