Старшыня Вайсковага камітэта NАТО: Інвестары, вы звар'яцелі?
24- 7.01.2025, 11:04
- 9,620
Адмірал Роб Бауэр заклікаў укладвацца ў абаронную прамысловасць.
Старшыня Вайсковага камітэта NАТО адмірал Роб Бауэр мяркуе, што заходнія рэйтынгавыя агенцтвы, банкі і пенсійныя фонды паводзяць сябе «неразумна», пазбягаючы інвестыцый у абаронную прамысловасць.
«Чаму вас не пераканалі трыльёны даляраў? Што здарылася з вашым бізнэс-інстынктам? Вы што, звар'яцелі? І гэта тое, што я гавару і пенсійным фондам. Вы дурныя? Калі вы глядзіце на рэнтабельнасць інвестыцый, то на працягу наступных 20 гадоў трэба будзе выдаткаваць вельмі шмат грошай», - сказаў ён у каментары Financial Times.
Паводле ягоных слоў, неразуменне інвестарамі сваёй ролі ў "калектыўнай абароне" азначае, што яны рызыкуюць страціць значнае дзяржаўнае фінансаванне.
«Гаворка ідзе аб пераразмеркаванні сіл паміж Кітаем і ЗША. Калі ссоўваюцца тэктанічныя пліты, адбываюцца землятрусы. Калі ссоўваюцца пліты геапалітычнай сілы, то ўзнікаюць войны. Я не думаю, што будуць сусветныя войны як такія, але рэгіянальныя войны, як мы бачым цяпер, магчыма, з'яўляюцца часткай нашай найбліжэйшай будучыні», - адзначыў адмірал.
Бауэр распавёў, што дагэтуль існуюць пенсійныя фонды і банкі, якія кажуць, што інвеставаць у абарону нібыта неэтычна, таму што яна «забівае людзей».
«А яшчэ ёсць пытанне мэт устойлівага развіцця, і я ім кажу: «Едзьце і наведайце Газу. Едзьце ва Украіну. Едзьце ў Емен. Едзьце ў Сірыю і паглядзіце. Вы ўбачыце, што робіць вайна», - дадаў ён.
Старшыня Вайсковага камітэта NАТО таксама адзначыў, што інвестыцыі ў абарону з мэтай стрымлівання з'яўляюцца найлепшай мерай устойлівага развіцця.
Бауэр адзначыў, што быў шакаваны, наведаўшы фінансавую сустрэчу, арганізаваную амерыканскім фінансістам у Лос-Анджэлесе ў 2024 годзе, дзе ён быў адзіным, хто адзеў вайсковую форму, а пытанне абароны нікога не цікавіла.
«Уся гэтая ідэя аб тым, што грошы не звязаныя з бяспекай, выклікае асцярогу, таму што эканоміка квітнее толькі ў стабільнай і бяспечнай краіне. А гэтую стабільнасць і бяспеку ўжо 75 гадоў гарантуе NАТО» - падкрэсліў адмірал.